Кіраўнік сената Польшчы Станіслаў Карчэўскі, які знаходзіцца ў Мінску з двухдзённым візітам, раніцай 6 снежня сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі.

З беларускага боку ў сустрэчы ўдзельнічалі палітыкі Юрый Губарэвіч, Аляксандр Мілінкевіч, Павел Севярынец, Мікалай Статкевіч, Антаніна Кавалёва, Аляксандр Стральцоў, праваабаронца Валянцін Стэфановіч, а таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

«Размова ішла вакол магчымых зменаў палітыкі Польшчы ў дачыненні да падтрымкі грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ Беларусі, а таксама аб кантактах парламента Польшчы з Палатай прадстаўнікоў, — расказаў БелаПАН старшыня руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч. — Беларускі бок быў салідарны ў досыць крытычнай ацэнцы гэтых магчымых зменаў».

Ён адзначыў, што Палата прадстаўнікоў сёння «не з'яўляецца легітымным органам заканадаўчай улады, бо не была абрана на дэмакратычных выбарах». Кантакты з такім парламентам для палякаў «не маюць практычнага значэння, бо Палата прадстаўнікоў не прымае палітычных рашэнняў», лічыць Губарэвіч.

Палітык таксама расказаў, што прадстаўнікі беларускага боку звярнулі ўвагу Карчэўскага на «небяспеку вядзення дыялогу толькі з афіцыйным Мінскам, без дыялогу з грамадзянскай супольнасцю і прыхільнікамі еўрапейскага выбару».

Мікола Статкевіч.

Мікола Статкевіч.

Мікалай Статкевіч, каментуючы сустрэчу па просьбе БелаПАН, заявіў: «Нашы польскія калегі, відаць, так разумеюць свае нацыянальныя інтарэсы, што іх трэба адстойваць занадта літаральна. Яны ўжо, напэўна, не гавораць нашай уладзе аб дэмакратыі, сумленных выбарах, а кажуць пра Саюз палякаў, трансляцыю ў Беларусі тэлевізійнага канала «Палонія» і гэтак далей».

«Зразумела, што раз Беларусь кантралюе гэты чалавек (Аляксандр Лукашэнка), то нейкім чынам справу з ім мець трэба: і палітычныя, і дыпламатычныя, і гандлёва-эканамічныя кантакты — гэта натуральна. Але мне зусім незразумелыя міжпарламенцкія кантакты», — дадаў Статкевіч.

Ён адзначыў, што польскія парламентарыі былі абраныя на выбарах у канкурэнтнай барацьбе, а таму не павінны садзіцца за адзін стол з тымі, «хто не мае рэальных паўнамоцтваў» і каго прызначылі ў парламент па прынцыпе адданасці ўладам.

На думку Статкевіча, польскія парламентарыі будуць працягваць цяперашнюю лінію на дыялог з беларускімі ўладамі да таго часу, пакуль Лукашэнка сваімі дзеяннямі «не верне іх назад, на зямлю». «Для нас выснова адна: за нашу свабоду ніхто ўпірацца не будзе. Нам давядзецца гэта рабіць самім. Таксама трэба забыць і аб ілюзіі на нейкія павольныя эвалюцыйныя змены. Іх небяспеку цяперашняя ўлада добра разумее, і на іх не пойдзе», — лічыць былы палітвязень.

Польская парламенцкая дэлегацыя знаходзіцца з афіцыйным візітам у Беларусі 5—6 снежня. Учора Станіслаў Карчэўскі сустрэўся з кіраўніком дзяржавы і кіраўнікамі абедзвюх палат Нацыянальнага сходу. У ходзе гэтых сустрэч падкрэслівалася важнасць дыялогу паміж Мінскам і Варшавай, у тым ліку на міжпарламенцкім узроўні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?