Навіны спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат», які вяшчае з Польшчы на Беларусь, памянялі свой фармат: «Аб’ектыў» вырас да 10‑хвіліннай інфармацыйнай перадачы і пачаў выходзіць у жывым этэры з новай студыі. Як паведаміла прэсавая служба каналу, весьці навіны будуць маладыя прывабныя беларускія вядоўцы. Спачатку гэта будуць дзьве жанчыны і мужчына, але ў будучыні, магчыма, зьявяцца й іншыя.

«Аб’ектыў» выходзіць у этэр тры разы цягам дня: а 18‑й, 21‑й і 24‑й гадзіне.

У паведамленьні прэсавай службы адзначаецца, што цяперашні 10‑хвілінны выпуск навінаў пачынаўся з трох хвілінаў летась у сьнежні. Ранейшы фармат «Аб’ектыва» быў набліжаны да падачы навінаў вядомага ў Беларусі тэлеканалу «Эўраньюз» — шэраг відэаматэрыялаў з закадравым голасам дыктара.

Некалькі тыдняў таму адбылося зьмяненьне ў інфармацыйнай праграме «Белсату»: у нядзельным этэры пачаў выходзіць выніковы «Аб’ектыў», які складаецца з найважнейшых навінаў, якія асьвятляліся цягам усяго тыдня. Плянуецца, што ў студыю «Аб’ектыва» штонядзелю будзе запрашацца госьць, зь якім вядоўца навінаў абмяркуе галоўныя падзеі тыдня. Белсатаўцы лічаць, што новы фармат навінаў зробіць «Абе’ктыў» больш цікавым і дазволіць палепшыць кантакт з гледачамі.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0