Актыўнасць работ па будаўніцтве ў Мінску «Газпром-цэнтра» зніжаная, але пра кансервацыю гаворка не ідзе, паведаміў БелаПАН намеснік старшыні камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Мікалай Бутрым.

Раней у СМІ з'явілася інфармацыя, што «Газпром» плануе закансерваваць будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу.

«Мы не прымалі рашэнне аб кансервацыі, але там амаль нічога не будуецца», — сказаў БелаПАН Бутрым.

Паводле яго слоў, у канцы жніўня забудоўшчык падаў акт пра тое, што ён прыпыніў працы на аб'екце ў сувязі з недастатковым фінансаваннем.

«Працы могуць быць прыпыненыя максімум на тры месяцы. Пасля гэтага прымаецца рашэнне аб кансервацыі альбо будуюць далей», — зазначыў намеснік старшыні камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама.

Тры месяцы ўжо прайшло, але «Газпром» пакуль не падаваў новых актаў аб прыпыненні работ, сказаў Бутрым. Пры гэтым, паводле яго слоў, улады не выстаўлялі забудоўшчыку ніякіх прэтэнзій, таму што няма парушэнняў па тэрмінах уводу аб'екта ў эксплуатацыю.

«Пакуль няма, таму што няма за што. Яны могуць выйсці на працу, дзве рыдлёўкі ўторкнуць, а потым зноў працягнуць на тры месяцы. Па законе такое можна», — сказаў Бутрым.

У даччыным прадпрыемстве «Газпрома» ў Беларусі — ААТ «Газпром трансгаз Беларусь» — устрымаліся ад каментараў.

Інфармацыя аб прыпыненні будаўніцтва «Газпром-цэнтра» з'явілася ў верасні гэтага года. Як патлумачыла БелаПАН інфармаваная крыніца, адной з прычын для часовага спынення ўзвядзення комплексу называецца газавая спрэчка паміж Беларуссю і Расіяй.

«Яны спрабавалі нам неафіцыйна намякнуць, што грошы, якія мы павінны плаціць у Расію за газ, гэта і ёсць тыя грошы, за якія будуецца гэты аб'ект. І калі мы перастаем плаціць, то аўтаматам перастае фінансавацца гэтая будоўля», — сказала крыніца.

Будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу «Газпром-цэнтр» пачалося крыху больш за год таму. Аб'ект размесціцца на скрыжаванні вуліцы Філімонава і праспекта Незалежнасці на плошчы 8,27 га.

Комплекс будзе ўключаць офісы расійскага «Газпрома», гасцініцу, паркінг, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, а таксама медыцынскі цэнтр. Акрамя таго, на тэрыторыі «Газпром-цэнтра» павінны размясціцца дзіцячы цэнтр развіцця і спадарожныя аб'екты гандлю і паслуг. Цэнтрам кампазіцыі стане будынак вышынёй 189 метраў.

Заканчэнне будаўніцтва запланаванае на 2018 год. Арыенціровачны памер інвестыцый складае 900 млн долараў.

«Шматфункцыянальны комплекс, які мы сёння пачнем будаваць, гэта сучасны праект, ён будзе рэалізаваны па самых сучасных тэхналогіях і патрабаваннях. Мы ўпэўненыя, што гэты праект стане яшчэ адной новай, яркай візітнай карткай Мінска», — казаў на афіцыйнай цырымоніі пачатку будаўніцтва старшыня праўлення «Газпрома» Аляксей Мілер.

З-за будаўніцтва «Газпром-цэнтра» быў знесены аўтавакзал «Маскоўскі», што выклікала незадаволенасць мінчан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0