У Японіі затрымалі 23-гадовага выпускніка мясцовай ВНУ, якога падазраюць у тым, што ён абразаў валасы ў жанчын у грамадскім транспарце. У справе фігуруюць больш за 30 пацярпелых, піша ВВС.
Акія Ёшыда быў затрыманы паліцыяй у панядзелак у японскім горадзе Нагоя, пасля таго як зрэзаў у цягніку 35-сантыметровы завітак у 40-гадовай жанчыны. Ахвяра гэтага не заўважыла, бо вагон быў перапоўнены.
Аднак супрацоўнікі чыгункі звярнулі ўвагу на падазронага маладога чалавека.
Пасля арышту Ёшыда прызнаў сваю віну і распавёў пра іншыя выпадкі выкрадання валасоў. Ён патлумачыў, што збіраўся прадаць валасы на аўкцыёне ў інтэрнэце.
Паліцыя выставіла яму афіцыйныя абвінавачванні, паведамляюць мясцовыя СМІ.
З мая ў прэфектуры Айці былі ўведзеныя дадатковыя паліцэйскія патрулі з-за скаргаў жанчын на напады ў грамадскім транспарце. У пацярпелых адразалі валасы і разразалі вопратку.