Больш за 10 гадоў у берасьцейскім дворыку пры вуліцы Савецкіх памежнікаў, 46, стаіць старэнькі «Масквіч». Колы даўно прагнілі, ды і вонкавы выгляд пераконвае, што сваім ходам гэтая машына ўжо нікуды не паедзе.

А гаспадар аўтамабіля напэўна назаўжды адмовіўся ад свайго ўлюбёнца, пакінуўшы дажываць жалязяку ў двары свайго дома.

Але вось ужо на працягу году «Масквіч» жыве новым жыцьцём, а дакладней — — жывуць у ім. Так, чатыром мясцовым бамжам машына вельмі спадабалася і стала новым сталым месцам жыхарства. Як распавяла адна з жыхарак дома паблізу, бамжы заўсёды жылі ў іх дварах, улетку начавалі на траве ля дома, а з пахаладаньнем часам перамяшчаліся на лесьвічную пляцоўку, што выклікала ў жыхароў незадаволенасьць.

Чаму ж менавіта гэты двор так палюбілі бамжы? Усё не выпадкова, бо побач знаходзіцца іх працоўнае месца. На праспэкце Машэрава разьмешчаны Сьвята‑Сімяонаўскі сабор, дзе заўсёды можна сустрэць людзей з працягнутай рукой. Вось так і нашыя чатыры сябры: днём просяць міласьціну, а на начлег ідуць у «Масквіч». Часта можна заўважыць сьмешную карціну, як, вяртаючыся пасьля працоўнага дня, падкаціўшы інвалідную каляску да машыны, яны пачынаюць маскарад, пераапранаючыся з калек і нямоглых у звычайных людзей.

Жыхары дома асабліва ня скардзяцца на бамжоў у машыне, кажуць, яны культурныя і не такія страшныя, як часам сустрэнеш у горадзе, мабыць, нядрэнна зарабляюць. Пакуль хтосьці ёсьць у двары — не заходзяць, вартуюць на выхадзе, а як толькі робіцца ціха — хутка сядаюць у «Масквіч», вячэраюць, акуратна разьмяшчаюцца адзін пры адным і сьпяць так да раніцы. Адно кепска, што і туалет яны сабе зладзілі не адыходзячы далёка ад машыны, пад дваровай адрынкай.

Міліцыя ведае аб «аўтамабільных бамжах», але нічога ня робіць, сьмяецца. Ды і саміх жыхароў дома на вуліцы Савецкіх памежнікаў, 46, хвалююць іншыя праблемы — чакаюць яны, калі ж пачнуць хоць неяк рамантаваць іх двохпавярховы домік, пабудаваны яшчэ пры паляках, а то фасад выглядае вельмі ўжо занядбана.

Павел Белавус, Берасьце

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0