Фота: last-lex, skyscrapercity.com

Фота: last-lex, skyscrapercity.com

20 лютага ў Мінску адбудзецца аўкцыён па продажы некалькіх старадаўніх будынкаў былога бровага, якія знаходзяцца побач з Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексам. Таргі праводзяцца з абавязковай умовай: будучаму інвестару неабходна рэканструяваць некалькі пабудоў канца XIX стагоддзя пад гасцінічны комплекс катэгорыі 4 зоркі, паведамляе onliner.by.

Праект гасцінічнага комплексу на вуліцы Чыжэўскіх з'яўляўся ў СМІ яшчэ ў 2010 годзе. Тады планавалася злучыць новымі прыбудовамі старыя будынкі з захаваннем архітэктурных дэталяў.

У комплексе было прадугледжана 150 нумароў, пакоі перамоў, SPA і фітнес-цэнтр з басейнам, салон прыгажосці, банкетная зала, піваварны цэх з піўным рэстаранам. Замоўцам аб'екта выступіла прадпрыемства «Бізнэс-цэнтр «Сталіца»», якому належыць гатэль «Вікторыя» на праспекце Пераможцаў. Будаўніцтва планавалася пачаць у 2011 годзе, аднак інвестар так і не быў знойдзены. Цяпер, мабыць, прадпрыемства вырашыла пазбавіцца ад цяжкай нерухомасці.

Пры наяўнасці ўдзельнікаў аўкцыёну таргі пачнуцца з 27 708 309 710 рублёў (3,2 млн даляраў). Нерухомая маёмасць ацэнена пры гэтым у 21,7 мільярда рублёў, а пачатковая цана права заключэння дамовы арэнды зямельнага надзела складае 6 млрд рублёў.

«У сувязі з тым, што будынкі па вул. Чыжэўскіх, 17, праезд Чыжэўскіх, 5 і праезд Чыжэўскіх, 6 з'яўляюцца помнікамі горадабудаўніцтва і архітэктуры і адносяцца да нерухомай і гісторыка-культурнай каштоўнасці, уся дзейнасць пераможцы аўкцыёну павінна праводзіцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь»», — паведамляецца ва ўмовах правядзення аўкцыёну на сайце Мінгарвыканкама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0