Справа аб жорсткім забойстве мужчынам роднай сястры ў Чашніцкім раёне перададзеная ў Віцебскі абласны суд, паведаміў БелТА пракурор аддзела пракуратуры вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства ўпраўленнем Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Уладзіслаў Нарыжны.

Крывавая сямейная драма адбылася ў жніўні 2016 года. Брат і сястра (абодва пенсіянеры 1957 і 1955 гадоў нараджэння) прыехалі ў адну з вёсак Чашніцкага раёна, каб даглядаць састарэлую маці. Але ўжыцца разам так і не змаглі. Канфлікты паміж роднымі людзьмі ўзнікалі пастаянна і падаграваліся тым, што мужчына злоўжываў алкаголем.

«Сястра паводзіла сябе ў доме як паўнавартасная гаспадыня. Падставы на гэта ў яе былі, таму што маці адпісала свой дом дачцэ. Жанчына ўсяляк абмяжоўвала брата ў дзеяннях, што аднойчы прывяло да прыпадку гневу. Мужчына накінуўся на сястру з малатком, жанчына супраціўлялася, ёй удалося адабраць малаток, але яе гэта не выратавала. Брат дабіў сястру нажом. Усяго на целе забітай былі выяўленыя сляды больш за 70 удараў малатком, нажом, рукамі і нагамі», — распавёў пракурор.

Цела забітай сястры мужчына накрыў дываном і лёг спаць. Раніцай наступнага дня забойца і сам сабраўся развітацца з жыццём — узяў нож і пайшоў на могілкі, захапіўшы з сабой алкаголь. Там перад магілай бацькі мужчына ускрыў сабе вены. Самазабойцу заўважылі людзі, і ён быў выратаваны.

Састарэлая маці пасля таго, што адбылося, была шпіталізаваная ў бальніцу, дзе і памерла праз некалькі тыдняў.

Мужчына абвінавачваецца ў забойстве, учыненым з асаблівай жорсткасцю (п. 6 ч. 2 арт. 139 КК Беларусі). Сваю віну ён прызнае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0