Арыштаваным аўтарам расійскіх імперскіх сайтаў Юрыю Паўлаўцу і Дзмітрыю Алімкіну пагражае ад 5 да 12 гадоў зняволення за распальванне міжнацыянальнай варажосці. Пра гэта паведамілі ў эфіры тэлеканала АНТ.
Паўлавец.
Алімкін.
Іх дзеянні следства трактуе як здзейсненыя групай асобаў, а гэта значна павялічвае пакаранне. «У сувязі з тым, што Паўлавец і Алімкін дзейнічалі групай асобаў па адзінай задуме ў цяперашні час следствам разглядаецца пытанне аб злучэнні гэтых крымінальных спраў у адну вытворчасць», — заявіў Сяргей Кабаковіч, начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта.
Увогуле за «наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці або розні, на прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці» (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса) можна абысціся штрафам ці абмежаваннем свабоды. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — 5 гадоў зняволення.
Аднак калі вышэйпералічаныя дзеянні здзяйсняліся групай асобаў (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса), мінімальнае пакаранне складае 5 гадоў, а самае жорсткі варыянт ў такім разе — 12 гадоў зняволення.