Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Таццяна Караткевіч пракаментавала арышт аўтараў «Рэгнума» Юрыя Паўлаўца і Дзмітрыя Алімкіна, якіх абвінавачваюць у распальванні міжнацыяльнай варожасці.
«Арышт гэтых публіцыстаў, вядома, стаў вельмі непрыемнай навіной. Юрыя Паўлаўца я ведаю асабіста, для мяне гэта чалавек, які на розных пляцоўках проста выказваў сваё меркаванне, усяго толькі спрабаваў разважаць услых. Я лічу, што вельмі няправільна, калі ўлада арыштоўвае людзей за тое, што яны думаюць ўслых, выказваюць сваю пазіцыю. Лічу гэта, вядома, некарэктным», — сказала Караткевіч імперскаму парталу eadaily.
Пры гэтым Таццяна Караткевіч адзначыла, што не падзяляе поглядаў гэтых аўтараў: «Ёсць факты гісторыі, якія немагчыма прымяншаць. Ёсць такая краіна, як Беларусь. У яе сапраўды складаная гісторыя. І перакручваць яе не трэба. Я лічу, што корань праблемы можа быць не ў тым, што гэта аўтары, якія пішуць для расійскіх СМІ і прапагандуюць прарасійскія погляды. Трэба дачакацца афіцыйных абвінавачванняў. Але, па вялікім рахунку, гэта ўсяго толькі меркаванне аўтараў. Досыць рэзкае і грубае, але пакуль што ўсё тое, што я бачыла, знаходзіцца ў рамках паняццяў пра свабоду слова, правоў на выказванні і ацэнкі, хоць, вядома, вельмі дыскусійныя», — заявіла яна.