Цікава, што практычна адначасова з беларускай справай «Рэгнума» ў Казахстане далі 5,5 года пазбаўлення волі за распальванне міжнацыянальнай варожасці дзіваку, які абражаў ў сацсетках казахаў і рабіў замах на тэрытарыяльную цэласнасць Казахстана.
Такое пачуццё, што ў Мінску тупа дачакаліся казахскага прысуду. Паглядзелі на «ніякую рэакцыю» Масквы. І потым лупянулі па беларускім адэптам «Рэгнума».
Пацешна, канечне, было даведацца, што «Валькірыя рускага свету» «Ала Бронь» — гэта сціплы брэсцкі вартаўнік… Але калі сур'ёзна, пры ўсёй адыёзнасці «Рэгнума», не ўбачыў я там нічога, каб цягнула на «ад 5 да 12» пазбаўлення волі.
Так, яны адыёзныя, так, трэба было іх выхоўваць, бо там быў відавочны перабор, пырскі сліны і хамства…
Але пасадка?..
Дарэчы. Тым, хто моцна радуецца. Хай будзе вам вядома, што Аляксандр Рыгоравіч, называе Нурсултана Абішавіча не толькі сваім сябрам, але і настаўнікам. Дык вось у Казахстане пасадка кагосьці з прарасейскіх актывістаў звычайна праз нейкі час цягне за сабой пасадку кагосьці з нацыянал-патрыётаў.
Тыпу вось, Уладзімір Уладзіміравіч, вы не думайце. Мы ўсіх экстрэмістаў да пазногця прыціскаем…
Таму, калі сапраўды беларускія і казахскія падзеі неяк звязаныя, я б сціпла раіў захапленне крыху прытрымаць. Бо пры такім раскладзе будзе добра калі «самі-ведаеце-хто» справу Пальчыса лічыць ударам па беларускіх нацыянал-патрыётах, а справу «Рэгнума» — «ответкой».
* * *
Вольга Карач ужо параўнала справу «Рэгнум» з маёй крымінальнай справай. Оля, дарагая, не крыўдзі мяне такімі параўнаннямі.
Я разумею, што і там, і там замежныя медыя, і там, і там, здаецца, нешта друкуюць, і гэта нешта не падабаецца ўладам РБ. Але пры гэтым «Газета Выборча» — гэта СМІ, а «Рэгнум» — гэта прапагандысцкі рэсурс, які займаецца ў тым ліку і дэзынфармацыяй, распальваннем варажнечы (напрыклад, у дачыненні да Украіны).
Таму, паважаныя сябры, давайце без гэтых слізкіх аналогій.
* * *
Пачынаючы з акупацыі Крыма ў мяне неаднаразова былі на словах баталіі з беларускімі адэптамі «рускага свету». Іх у нас —легіён! Так, я ім яшчэ тады казаў:
«Хлопцы, глядзіце не перастарайцеся! Любіць Расею ў РБ, вядома, можна, гэта нават, з пункту гледжання ўлады, пахвальна… Вось толькі выражэнне і формы гэтай любові вызначае Аляксандр Рыгоравіч».
«Рэгнум», відавочна, перастараўся.