Міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі даў інтэрв'ю «Савецкай Беларусіі», у якім расказаў, адкуль атрымлівае інфармацыю.

— Напэўна ваш працоўны дзень пачынаецца з навін. Якія крыніцы інфармацыі выбіраеце? Традыцыйныя СМІ, інтэрнэт?

— Часцей за ўсё мой працоўны дзень пачынаецца аднолькава, можна нават сказаць, што ёсць пэўная традыцыя. І ранішнія навіны — яе паўнавартасная частка. З крыніц інфармацыі мне найбольш блізкія газеты. Гэта стройны парадак загалоўкаў, тэкстаў, пустых прастор, фатаграфій і ілюстрацый, ён лепш дапамагае засяродзіцца, не адцягвае ўвагу. Газету можна ўзяць у рукі, прагортваць наперад і назад. Гэта невялікая прыгода. З дзяржаўных друкаваных СМІ чытаю «Савецкую Беларусію», «Рэспубліку», «Народную газету», з недзяржаўных — «Эканамічную газету», «Камсамольскую праўду» і «Народную волю». Таксама стараюся не выпускаць з віду навіны ў інтэрнэце: свежы агляд ключавых падзей у краіне і ў свеце і публікацый, дзе згадваецца Мінэканомікі, за мінулыя суткі кожную раніцу трапляе да мяне на стол.

У час размовы Уладзімір Зіноўскі частуе нас мяккімі імбірнымі цукеркамі з Кітая. А на пытанне, што часцей за ўсё прывозіць сваім замежным калегам з Беларусі, пералічвае: лён, цукеркі, мёд. Дарэчы, мёд наш вельмі любяць і просяць пастаўляць яго на экспарт. На думку міністра, аграрыям варта было пра гэта задумацца.

— Як праводзіце выхадны дзень? Якія заняткі дапамагаюць расслабіцца?

— Вы, напэўна, здагадваецеся, што значную частку выходных дзён, як мінімум суботы, я праводжу на працы. Гэта аб'ектыўная рэальнасць і нармальная практыка для дзяржаўнага кіраўніка. А калі дзень сапраўды выхадны, я праводжу яго з сям'ёй і ўжо шэсць гадоў займаюся будаўніцтвам дома (дом, пра які згадвае Зіноўскі, — адзін з тых, што чыноўнікі будуюць у «Драздах-2» — заўвага «НН»). На рыбалку ці паляванне не хаджу. Люблю грыбы збіраць, але, самі разумееце, у лесе бываю вельмі рэдка.

* * *

Уладзімір Зіноўскі

Нар. у 1955 у Ялізаве Асіповіцкага раёна. Скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі (1978) і Акадэмію кіравання (1993). Працаваў у Цэнтральным статыстычным упраўленні БССР (1981—1986), статыстычным упраўленні Мінскай вобласці (1986—1989), апараце Савета міністраў (1989—1992). Першы намеснік міністра статыстыкі і аналізу (1992—1998), міністр статыстыкі і аналізу, старшыня Белстата (1998—2014). Міністр эканомікі (з 2014).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0