— Двое радавых, жыхароў Гомельшчыны, падчас праходжання тэрміновай вайсковай службы ў Лунінцы самасцвярджаліся ў вайсковым калектыве і паказвалі сваю ўяўную перавагу над вайскоўцамі малодшага (першага) перыяду службы, падпарадкоўваючы іх свайму ўплыву, — пракаментавала «Медыя-Палессю» дзяржабвінаваўца, памочнік пракурора Лунінецкага раёна Ганна Пенер.
У гэтай вайсковай частцы, па нестатутных традыцыях, уборку ў памяшканнях павінны былі рабіць толькі вайскоўцы малодшага перыяду службы. Прычым яны мусілі выконваць працу не толькі якасна, але і хутка. Калі салдаты не спраўляліся, іх каралі, да прыкладу, адцісканнямі ад падлогі. Таксама маладыя вайскоўцы не мелі права засынаць пасля адбою раней часу, вызначанага «дзядамі». Калі пасля адбою салдат заснуў, а «дзед» яшчэ не спіць, маладога прымушалі адціскацца.
Суд Лунінецкага раёна прызнаў вінаватымі двух салдат тэрміновай службы, якім споўніўся 21 год, у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.1 арт. 443 КК, гэта значыць у гвалце і здзеку над асобай, на якую распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага. Злачынства здзяйснялася групай асоб і не аднойчы. Таму абвінавачаным інкрымінавалася ўчыненне злачынстваў яшчэ па двух артыкулах.
Абвінавачаныя віну прызналі толькі часткова, але супрацьпраўнасць іх дзеянняў пацверджана сведкамі і падчас вочных ставак з пацярпелымі.
— Па сукупнасці злачынстваў, шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім адзін з салдат атрымаў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады, другі — на паўтара года без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Прысуд уступіў у законную сілу, — канстатавала Ганна Пенер.