Аляксандар Лукашэнка зьняў з пасадаў дзяржсакратара Рады бясьпекі Віктара Шэймана ды кіраўніка сваёй адміністрацыі Генадзя Нявыгласа. Так што грозныя заявы на ўчорашняй нарадзе аказаліся ня проста рытарычнымі фігурамі.

Кадравая рашучасьць афіцыйнага кіраўніка лішні раз сьведчыць, наколькі ўзрушыў яго выбух ля стэлы. Ня дзіва, бо гэта стала наймацнейшым ударам па ўсёй міталягеме стабільнасьці.

Звыш таго, Лукашэнку пэўна непакоіць і праблема відавочнага непрафэсіяналізму ў сілавых структурах, бо яны ж закліканыя надзейна абараняць найвышэйшае начальства ад надзвычайных здарэньняў.

Але рэч ня толькі ў выбуху, мяркуюць аналітыкі. Так, на думку Валера Карбалевіча, прынамсі адстаўка Шэймана насьпявала даўно. Экспэрт зьвязвае гэта з перафарматаваньнем улады. Так, зазначае ён, усё большую моц набірае сын прэзыдэнта Віктар Лукашэнка.

Аднак ня варта спяшацца з высновамі пра канец кар'еры Шэймана, які зарабіў рэпутацыю непатапляльнай фігуры.

У разборы палётаў пасьля выбуху адчуваецца значная доля піяру: вось, бачыце, прэзыдэнт не зважае нават на старое сяброўства! Разам з тым, даўні прэзыдэнцкі (яшчэ з часоў барацьбы за самае высокае крэсла) паплечнік можа яшчэ добра паслужыць. Адзін з варыянтаў — амбасадар у далёкім Каракасе. Там у беларускай улады ўжо ёсьць важкія інтарэсы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?