Чаму барахліць сістэма ўліку «дармаедаў», у эфіры праграмы «Контуры» на канале АНТ распавяла намеснік міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка.

Святлана Шаўчэнка. Фота belta.by

Святлана Шаўчэнка. Фота belta.by

Па словах Шаўчэнкі, база дадзеных асоб, якія больш за 180 дзён цягам года не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржвыдаткаў, сфарміравана ўпершыню. У яе стварэнні ўдзельнічалі больш за 27 дзяржорганаў і больш за 82 тысячы арганізацый.

«Калі столькі арганізацый збіраюць звесткі, прадстаўляюць іх у падатковы орган, памылак немагчыма было пазбегнуць», — заўважыла Шаўчэнка.

Калі чалавек мае права не плаціць збор, ён можа прадаставіць дакументы, якія гэта пацвярджаюць, любым зручным спосабам — ісці ў падатковую інспекцыю дзеля гэтага не абавязкова, запэўніла Шаўчэнка. Пры гэтым яна дадала, што «напэўна, няма нічога складанага звярнуцца ў падатковы орган і прадаставіць дакументы».

«Чаму працэс не можа быць цалкам аўтаматызаваны? У нас многія грамадзяне працуюць не ў Беларусі, а, напрыклад, у Расіі. Сёння краіны Еўразійскага эканамічнага саюза не маюць межаў. У аўтаматызаваным парадку немагчыма ўлічыць перыяд знаходжання грамадзяніна за мяжой. Ёсць і тыя, хто з'ехаў на вучобу ў Расію, у Казахстан. Гэты перыяд таксама неабходна ўлічыць. Адкуль узяць такую інфармацыю? Толькі ў самога грамадзяніна», — патлумачыла Святлана Шаўчэнка.

Паводле яе слоў, галоўнай задачай «дэкрэта аб дармаедстве» было матываваць грамадзян да легальнай працы. Вынікі відавочныя — больш за 8 тысяч чалавек уладкаваліся на працу да ІП, прывяла прыклад намеснік міністра па падатках і зборах.

Збор «на дармаедства» ўжо аплацілі больш за 10,5 тысячы беларусаў. Агульная сума, якая паступіла ад іх у бюджэт, перавысіла 3 мільёны рублёў (новымі).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0