Кошт кантрафактнай відэа‑ і аўдыёпрадукцыі, знойдзенай 8 ліпеня супрацоўнікамі аператыўнага падраздзялення Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі на падпольным аптовым складзе пад Мінскам, можа дасягнуць 1 млрд. рублёў.
Пра гэта БелаПАН паведаміў начальнік прэс‑цэнтра пагранічнага ведамства Аляксандр Цішчанка.
Нагадаем, склад знаходзіцца ў катэджы ў пасёлку Калодзішчы (Мінскі раён).
Паводле слоў А.Цішчанкі, устаноўлена, што падпольны склад быў арганізаваны індывідуальным прадпрымальнікам у арандаваным катэджы. Тут ужо выяўлена каля 100 тысяч адзінак кантрафактнай прадукцыі.
Крымінальная справа па гэтым факце пакуль не распачыналася. Рыхтуецца перадача матэрыялаў у падатковыя органы, канфіскаванага кантрафактнага тавару — у мытню.