Зыходзячы з агучаных звестках пра спартоўцаў, чые допінг-пробы з Алімпіяды-2008 і 2012 далі станоўчы вынік, Беларусь займае па гэтым паказчыку трэцяе месца ў свеце, паведамляе Прессбол.

Пераправеркі з пачатку гэтага года праводзілі Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) і Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA). У ходзе дзвюх хваляў быў зроблены паўторны аналіз больш за тысячу пробаў. Станоўчымі былі 98, а 49 з іх здалі прызёры АГ-2008 і 2012.

Сярод краін, пазбаўленых медалёў двух папярэдніх Гульняў, галоўным допінгавым парушальнікам стала Расія — 19. Другім ідзе Казахстан, у якога дзевяць станоўчых допінг-пробаў сярод медалістаў, трэцяе месца ўтрымлівае Беларусь — сем.

Усяго ж у спісе дзесяць краін. Далей ідуць Украіна (шэсць), Арменія і Малдова (па дзве), Азербайджан, Куба, Турцыя і Узбекістан (па адной).

У беларусаў медалёў Алімпійскіх гульняў 2008 і 2012 гадоў былі пазбаўленыя Аксана Мянькова, Наталля Міхневіч, Анастасія Новікава, Андрэй Рыбакоў, Надзея Астапчук, Ірына Кулеша і Марына Шкерманкова.

Усе спартсмены абавязаны вярнуць свае медалі. Іх вынікі ануляваныя, а самі яны ў бліжэйшы час даведаюцца тэрміны сваёй дыскваліфікацыі. За вяртанне медалёў МАК прызначае адказнымі Нацыянальныя алімпійскія камітэты краін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0