Сталічнае прадпрыемства «Гарадскія паркі» правядзе пазачарговую праверку атракцыёнаў, якія ўстаноўлены ў парках Мінска. Пра гэта БелаПАН паведаміў галоўны інжынер прадпрыемства Анатоль Яцкевіч.
Праверка будзе праводзіцца ў сувязі з падзеннем ланцуговай каруселі ў парку Чалюскінцаў увечары 7 ліпеня. У выніку здарэння пацярпелі шэсць чалавек.
А.Яцкевіч зазначыў, што праверка атракцыёнаў ажыццяўляецца раз на год перад пачаткам летняга сезона. «Пазачарговую праверку мы будзем праводзіць са сваёй ініцыятывы», — сказаў ён.
А.Яцкевіч таксама паведаміў, што цяпер у парку Чалюскінцаў працуе спецыяльная камісія. Яна высвятляе прычыны падзення каруселі, якая ў красавіку 2008 паспяхова прайшла тэхнічныя выпрабаванні.
Паводле слоў А.Яцкевіча, цяпер у мінскіх парках імя Чалюскінцаў, Горкага і 50‑годдзя Кастрычніка ўстаноўлена 37 атракцыёнаў, што належаць гораду. Акрамя таго, у гэтых парках яшчэ прыблізна 20 атракцыёнаў належаць прыватным прадпрыемствам.