Агенцтва Рэгнум, трох аўтараў якога арыштавалі ў Беларусі па падазрэнні ў распальванні міжнацыянальнай варожасці, працягвае публікаваць матэрыялы з рэзкай крытыкай Аляксандра Лукашэнкі і беларускіх спецслужбаў.

«Мінск хоча спыніць доказную, аргументаваную, фактычна абгрунтаваную размову аб актах антырасейскай палітыкі Мінска і прытрымліванні яго ў фарватэры заходняй антырасейскай прапаганды, якая вядзецца ІА REGNUM — і дзеля гэтага гатовы на любыя супрацьпраўныя меры», — у характэрнай для сябе стылістыцы піша Рэгнум у сваім рэдакцыйным каментары, які суправаджаецца карыкатурай на Аляксандра Лукашэнку. На ёй кіраўнік Беларусі ў вышыванцы закасвае рукавы, у вусны яму ўкладзенае выказванне на блатным жаргоне.

«Мінск афіцыйна прызнаў свае рэпрэсіі супраць журналістаў палітычна матываванымі і пакліканымі замаўчаць відавочны дрэйф ўладаў Беларусі ў бок праціўнікаў Расеі на Захадзе. Мы гэта бачым даўно, гаворым пра гэта адкрыта і наўпрост. І будзем казаць пра гэта і далей», — піша Рэгнум.

«Польшча прапанавала, ЕС прыняў, а Беларусь наперадзе Польшчы і наперадзе Еўропы ўсёй ўжо «знішчае гэтую контру», — гаворыцца ў іншым тэксце Рэгнума, які мае падзагаловак «Каментар адваката».

Аўтар інтэрпрэтуе дзеянні Мінска як частку агульнаеўрапейскай палітыкі па стрымліванні расійскага інфармацыйнага ўплыву.

«Агульная выснова з сітуацыі, — піша ў сваім артыкуле шэф-рэдактар Рэгнума Юрый Баранчык, — [беларуская] дзяржава голая, слабая і татальна фальшывая. Яна слабая настолькі, што яе могуць разбурыць артыкулы вартаўніка. Увесь той фундаментальны будынак татальнай хлусні, неэфектыўнасці, адсутнасці ўсялякай дзелавой, грамадскай i iншай матывацыі, які будаваўся ў рэспубліцы апошнія гады, выявілася, можа быць разбураны 10—15 артыкуламі вартаўніка, дацэнта і журналіста. Гэта шмат кажа пра тую «беларускую дзяржаўнасць», пра тую «беларускую ідэалогію», якую будавалі-будавалі, але ніяк так і не пабудавалі», — піша Баранчык (двукоссі ягоныя).

Баранчык таксама бачыць у падзеях далекасяжную самастойную гульню беларускіх спецслужбаў. Вось што ён піша: «Некаторыя эксперты, якія папрасілі не згадваць іх імя ў сувязі з распачатымі ў Беларусі рэпрэсіямі ў дачыненні да «прарасейскай апазыцыі», лічаць, што мае месца спецаперацыя: «Звярніце ўвагу, як ідзе працэс дэманізацыі. У «Нашу ніву» зліваюць інфармацыю па Бурыкіну (бацюшка са свастыкай), спрабуюць абылгаць членаў Беларускага славянскага камітэта Сяргея Касцяна і Льва Крыштаповіча, цяпер узяліся за прарасейскіх аўтараў расійскіх выданняў. Канчатковая мэта: звяржэнне нават не Лукашэнкі, а постсавецкага прарасейскага рэжыму».

«Замест трох чалавек на гэтыя тэмы — гвалтоўнай беларусізацыі, вяртанне з нябыту на дзяржаўны ўзровень неабандэраўскай сімволікі, разрыву з Рускім светам, зачысткі па-прарасейску арыентаванай грамадскасці і гэтак далей — стануць пісаць дзясяткі журналістаў, да якіх беларускія ўлады не змогуць дацягнуцца. І калі беларуская ўлада зайшлася ў паніцы ад артыкулаў усяго трох чалавек і не знайшла ў сабе сілы супрацьстаяць ім на адкрытых дыскусійных пляцоўках, то можна сабе ўявіць, што будзе, калі ім на змену прыйдуць чалавек дзесяць», — піша ў іншым артыкуле той самы пладавіты Юрый Баранчык.

Але далей за ўсіх на Рэгнуме пайшоў Алег Міхайлаў. Гэты называе кіраўніка Беларусі людаедам: «Літва прэзідэнта Далі Грыбаўскайце і Беларусь прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі заўсёды былі найлепшымі паплечнікамі. Іх збліжае людаедства. Літва, як частка ЕС, не можа сабе дазволіць тое, што можа сабе дазволіць афіцыйны Мінск. Напрыклад, арыштаваць няўгодных журналістаў. Літва вельмі зайздросціць гэтай магчымасці Беларусі», — піша літоўскі аглядальнік Рэгнума.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?