Аўтар кнігі — лідар «Садружнасці латвійскіх дыеўтураў» Валдыс Цэлмс. Таксама ён аўтар папулярнай у Латвіі кнігі «Латышскія арнаменты і знакі».

У рыжскім выдавецтве днямі выйшла кніга Валдыса Цэлма «Асновы балцкай рэлігіі».

Валдыс Цэлмс — кіраўнік «Садружнасці латвійскіх дыеўтураў». У Латвіі ён вядомы як мастак, а таксама даследчык сістэмы традыцыйных латышскіх (і шырэй — балцкіх) арнаментаў. У 2008 годзе выйшла яго кніга «Латышскі арнамент і знакі. Балцкая мадэль свету».

Дагэтуль кнігі, якімі паслугаваліся латышскія пагане-дыеўтуры, так ці іначай вялі свой радавод з даваенных часоў.

Найперш гэта кніга «Цэраксліс», якую ў 1936-м выдаў Эрнэст Брастынь, заснавальнік руху дыеўтураў. Брастынь даследаваў латвійскія гарадзішчы і латвійскія народныя песні — «дайны». З дайнаў паспрабаваў вылучыць старажытныя рэлігійныя сэнсы.

Выключна на дайны таксама абапіраюцца і кнігі лідара латвійскіх эміграцыйных дыеўтураў Маргера Грына — «Латышскі год, каляндар і святы» і «Старажытная рэлігія латышоў і яе аднаўленне».

Вядома, тыя кнігі неслі на сабе адбітак свайго часу і сваёй сітуацыі — менавіта дайны разглядаліся як адзін з галоўных духоўных скарбаў латышоў. У гэтым святле новая кніга Валдыса Цэлма «Асновы балцкай рэлігіі» выглядае сапраўды этапнай. Аўтар абапіраецца не толькі на дайны, але і на шырэйшую сукупнасць звестак.

Такім чынам, адгэтуль у Латвіі маем выклад паганскага вучэння ад аўтарытэтнага аўтара, які жыве ў Латвіі і доўгі час працуе ў гэтай галіне.

У Літве аналагічная кніга выйшла ў 2000 годзе, калі лідар «Рамувы» Ёнас Трынкунас выдаў сваю «Балцкую веру». Да вайны ў Літве таксама дзеіў свой «Брастыньш» — Домас Шыдлаўскас.

У Беларусі дагэтуль няма свайго выкладу паганскага вучэння. Часам кажуць, што такім ёсць усе тамы «Беларускай народнай творчасці» або энцыклапедычны даведнік «Беларуская міфалогія» (2004), хоць тая кніга мае выключна навуковы характар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?