Можна сказаць, што я пакрыху пачынаю разумець тых украінцаў, якім падабаецца так званы «беларускі парадак».

На фота вы можаце пабачыць тыповыя краявіды ўкраінскіх гарадоў. Што самае цікавае, гэта не ўскраіна якога-небудзь правінцыйнага горада. Гэта кіеўскі Падол — самае сэрца ўкраінскай сталіцы.

Кіеў — цудоўны горад з цікавымі месцамі і выдатнымі людзьмі, але выглядае ён проста жахліва. І я не толькі пра бруд, але і пра незразумелыя хаатычныя забудовы, пабітыя тратуары, кепскую транспартную сістэму (найгоршую з тых, што я бачыў у вялікіх гарадах) і іншыя рэчы, якія робяць гэты горад непрыдатным для камфортнага жыцця.

Канечне, зараз вы можаце ўзгадаць банальны і тыповы аргумент: маўляў, ва Украіне свабода, а ў Беларусі — дыктатура, таму ў нас так чыста і дагледжана. А ў таталітарным Пхеньяне вы і недакурка не сустрэнеце.

Але я катэгарычна не прымаю падобны аргумент. Для мяне парадак на вуліцы і наяўнасць свабод наўпрост не звязаныя паміж сабой.

Брудна можа быць і пры дэмакратыі, і пры дыктатуры. І наадварот, чыста і дагледжана можа быць і пры дэмакратыі, і пры дыктатуры. У Неапалі брудна, а ў Хельсінкі — вельмі чыста!

Крытыкі беларускай улады здзекліва кажуць, што ў Беларусі «чысценька і парадачак», як быццам гэта нешта дрэннае і негатыўнае. У той час як беларускія ідэолагі любяць паўтараць: «А вы бачылі, якое бязладдзе і вэрхал ва Украіне? Вы такой дэмакратыі хочаце?» Гэта тыповая маніпуляцыя з абодвух бакоў.

Нельга апраўдваць жахлівы стан большасці ўкраінскіх гарадоў наяўнасцю свабоды і дэмакратыі і тлумачыць дагледжанасць беларускіх гарадоў толькі дыктатурай.

Больш за тое, дэмакратыя дае больш магчымасцяў для развіцця гарадоў. Калі мы паглядзім на шматлікія рэйтынгі гарадоў па якасці жыцця і добраўпарадкаванні — верхнія радкі там будуць займаць гарады ў дэмакратычных краінах. Пхеньяна вы там дакладна не сустрэнеце.

Ні ў якім разе нельга ставіцца негатыўна да адноснай чысціні і дагледжанасці беларускіх гарадоў. У гэтай добраўпарадкаванасці нічога дрэннага няма. Але, можа, калі б Беларусь стала больш дэмакратычнай краінай, яе гарады сталі б яшчэ больш чыстымі, дагледжанымі і камфартабельнымі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?