Суд Першамайскага раёну Менску апраўдаў былога старшыню Вярхоўнага савету Беларусі і лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада" Станіслава Шушкевіча, адзначыўшы, што ў ягоных дзеяньнях адсутнічаў склад парушэньня.

Станіслаў Шушкевіч сёньня быў выкліканы ў Першамайскую раённую ўправу Менску, дзе на яго быў складзены адміністрацыйны пратакол за ўдзел у несанкцыяваным першамайскім шэсьці ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор.

Пасьля гэтага Станіслаў Шушкевіч быў дастаўлены ў суд.

Станіслаў Шушкевіч сябе вінаватым ён не прызнаў.

Ён паведаміў, што папярэдне Менгарвыканам даў дазвол на збор удзельнікаў маёўкі каля Акадэміі навук . Пасьля гэтае рашэньне было адмененае, але многія ўдзельнікі мерапрыемстваў першага траўня пра гэта ня ведалі і таму сабраліся каля Акадэміі навук.

Станіслаў Шушкевіч зьвярнуўся тады з заклікам прайсьці арганізавана на плошчу Бангалор у парк Дружбы народаў, дзе мае адбыцца мітынг. Арганізаваны праход удзельнікаў не абавязкова ёсьць шэсьцем, адзначыў Шушкевіч.

Ягоныя паказаньні былі пацьверджаныя як сьведкам міліцыянтам, так і ягонымі сьведкамі, а таксама апэратыўнай відэаздымкай.

Пасьля 3-гадзіннага судовага разгляду судзьдзя Тацяна Масальская вынесла апраўдальнае рашэньне.

Пасьля заканчэньня суду Станіслаў Шушкевіч выказаў зьдзіўленьне рашэньнем судзьдзі.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0