Першымі падазронымі ў крымінальнай справе па выбуху 4 ліпеня на Дні Рэспублікі сталі Ігар Корсак і Міраслаў Лазоўскі. Абодва некалі належылі да Згуртаваньня беларускіх вайскоўцаў, а ахныя сем'я бяруць актыўны ўдзел у апазыцыі.

Затрыманыя прынамсі чацьвёра былых сяброў «Белага легіёну». Гэтая арганізацыя гуртавала моладзь у 1990-я, але апошнія гады прыпыніла дзейнасьць.

Сярод затрыманых супрацоўнікамі КДБ былы лідэр «Белага легіёну» Сяргей Чыслаў, а таксама колішнія сябры арганізацыі Ігар Корсак, Міраслаў Лазоўскі і Віктар Ляшчынскі, якія апошнім часам ня ўдзельнічалі ў палітычным жыцьці.

Арышты адбываліся па аднолькавай схеме. Супрацоўнікі КДБ 8 ліпеня праводзілі ператрусы на кватэрах актывістаў, а таксама іх родных, пасьля чаго адвозілі на допыт у гарадзкое ўпраўленьне, а ўжо адтуль зьмяшчалі ў сьледчы ізалятар на Акрэсьціна (справа ў тым, што Валадарка цяпер на рэстаўрацыі). Сваякам абяцаюць, што затрыманых зьмясьцілі ў турму толькі на трое сутак, але як яно будзе насамрэч ніхто ня ведае.

Цікава, што падчас ператрусаў з кватэраў цягнулі ўсё што можна. У Корсака канфіскавалі пакунак з балтамі і гайкамі, адны гумовыя пальчаткі, хаця ў кватэры іх было нашмат болей, а таксама пакеты з-пад соку, якія цёшча Ігара выкарыстоўвае для расады. У Міраслава Лазоўскага па пратаколе канфіскацыі 31 найменьне — ад сыстэмнага блёку кампутару да візытовак. У сястры Сяргея Чыслава забралі старую бляшанку з-пад лаку.

Жонцы Міраслава Лазоўскага далі спаткацца з мужам у сьледчым аддзеле міліцыі. Міраслаў пасьпеў перадаць толькі асабістыя рэчы. Пагаварыць ім не дазволілі.

Маці Сяргея Чыслава Галіна кажа, што яе ператрус засьпеў на лецішчы. «Там нічога не забралі. Напрыканцы я запыталася, ці арыштаваны Сяргей. Мне адказалі, што ён быў затрыманы, але празь нейкі час адпушчаны. Таму я была спакойная», — кажа Галіна Чыслава.

А ўжо ў сераду а 13-й ёй патэлефанавала адвакатка Апанасевіч, якая і паведаміла, што Сяргей Чыслаў знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна. Паводле Галіны Чыславай, апошні час ейны сын жыў і працаваў у Маскве, а ў Менск прыяжджаў часам толькі на выходныя да дзяўчыны.

Цешча Ігара Корсака Тацяна Цяцёркіна кажа, што 3 ліпеня сям’я знаходзілася на лецішчы. Вярнуліся яны ў Менску толькі а дзевятай вечара. «На сьвяткаваньне, натуральна, ніхто не хадзіў», — кажа жанчына. Як кажа жонка Ігара Вольга Корсак, сьледчым па справе яе мужа зьяўляецца капітан СУПР ГУУС Танана А.В.

Што да затрыманьня Віктара Ляшчынскага, то тут пакуль ніякай яснасьці няма.

Усім арыштаваным у раёне 35 гадоў. Выглядае на тое, што арышт былых сяброў «Белага легіёну» аналягічны ганебнаму зьмяшчэньню ў сьледчы ізалятар Паўла Красоўскага ў справе віцебскіх выбухаў. Ёсьць уражаньне, што мэта гэтых арыштаў – ня столькі пошук бамбіста, колькі стварэньне асацыяцый між тэрарыстамі і апазыцыяй.

Родныя арыштаваных трымаюцца спакойна, зь іх не ўпадае ў гістэрыю. У сераду сваякі перадалі ў камэру сваім мужам і сынам перадачы. Гэта ўсё беларускамоўныя сем’і. Цешча Корсака актыўная сяброўка Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, а жонка Лазоўскага -- намесьніца старшыні МГА «Бацькаўшчына» і былая прэс-сакратарка Казуліна Ніна Шыдлоўская. Маладыя пераважна знаёміліся ў беларускіх тусоўках.

Ніна Шыдлоўская ў сераду змагла перадаць у камэру некаторыя рэчы. Па нашых зьвестках гэтымі днямі супрацоўнікі КДБ і міліцыі правялі ператрусы на кватэтарах іншых сяброў ужо неіснуючага «Белага легіёну». Ёсьць уражаньне, што мэта гэтых арыштаў – ня столькі пошук бамбіста, колькі стварэньне асацыяцый між тэрарыстамі і апазыцыяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?