Нават людзям далёкім ад крыміналістыкі кінуліся ў вочы падабенствы выбухаў на сьвяточным канцэрце зь віцебскімі 2005 году.

І там і там самапальныя зарады. Пэўныя дэталі вырабу бомбаў і іх разьмяшчэньня сярод людзей супадаюць. І там і там выбух прыпадае на пачатак перадвыбарнай кампаніі. Нават колькасьць параненых амаль роўная — там 40, тут 50. І ніводнае сьмяротнае ахвяры. Не было ў Беларусі ад 1953 году аналягічных тэрактаў. Магчыма, гэта справа рук аднаго чалавека.

Паводле інфармацыі «Ежедневніка», сьледчыя таксама цяпер разглядаюць «віцебскі сьлед» як асноўны.

Зьвярніце ўвагу: тым часам выказваньні А.Лукашэнкі і ягоных СМІ былі ад пачатку прама процілеглымі. Ні разу яны не акцэнтавалі паралеляў трагічнага здарэньня ў Менску з віцебскімі. Ні разу публічна не зачапіліся: а што мы мелі там?

Зьлёту запусьцілі вэрсіі пра «хуліганства» і — настойліва — пра магчымую сувязь з выбухамі «экстрэмісцкіх элемэнтаў апазыцыі». Хоць ні для першага ні для другога ня мелася ніякіх фактычных падставаў.

Далей — болей.

І вы гэтых людзей ведаеце ў твар

«І ніякія правакацыі нікому не дапамогуць, нават калі камусьці гэтае сьвята не падабаецца — а ў нашай краіне ёсьць людзі, якім яно не падабаецца, і вы гэтых людзей ведаеце ў твар, — А.Лукашэнка. — Разьбірацца будзем па законе: няважна хто — лідэр, ня лідэр, значная фігура для Захаду, Усходу ці ўнутры краіны, — ён жа. — Думаю, гэта гнюсныя, баязьлівыя людзі… Хочаце ваяваць — рабіце гэта лоб у лоб. Цяпер мы будзем размаўляць зь імі іншай мовай».

Прасьцей ня скажаш. І крывей ня скажаш. Ужо ж не віцебскага бамбіста аўдыторыя А. Лукашэнкі ведае ў твар.

У сваю чаргу, верныя журналісты разьвілі наступнае:

«Изо дня в день, из года в год оголтелые политики (sic!) и лакействующие журналисты (sic!!) безжалостно травят толерантное белорусское общество. Без устали, энергично и изобретательно одних белорусов науськивают на других, — піша «Советская Белоруссия». — Им, «непримиримым», тысячу и один раз говорилось: не совращайте молодежь, не воспитывайте штурмовиков, мы — белорусы! — и нам нечего делить! Взрыв на площади в пятницу может считаться зловредными и — к величайшему сожалению! — логическими плодами непрекращающейся пропаганды ненависти». Каб ня выйшла памылкі, каб не падумалі на тых, хто больш не актуальны, газэта падае і сьпісачак тут жа: Калякін, Мілінкевіч, Лябедзька і Івашкевіч.

Аўтары вышэй працытаваных выказваньняў папросту забыліся пра віцебскія нераскрытыя выбухі, за якія ніхто ня ўзяў адказнасьці? Калі б гаворка ішла пра іншых людзей, магло б узьнікнуць падазрэньне, што яны заведама адводзяць сьледзтва ўбок ад правільнага сьледу. Але тут усё прасьцей: палітыканства. За ўладу зубамі трымаюцца, горла перагрызуць. Сьледзтва скіравалі на… апазыцыю. Ужо затрымліваюць — Лазоўскі, Чыслаў, Корсак.

Адводу ўвагі грамадзтва ад віцебскага сьледу ёсьць тры рацыянальныя тлумачэньні — тэорыі змовы адкіну, яны не паддаюцца доказу.

Па‑першае, выбухі ў Менску нявыгадна нагадваюць, што за тры гады найбуйнейшы ва Ўсходняй Эўропе сілавы апарат ня здолеў знайсьці аўтара тэрактаў. Што гэты апарат, значыцца, хутчэй рэпрэсіўны, чым праваахоўны. З аддзеламі КДБ у кожным раёне — такога не было нават у СССР часоў халоднай вайны! — і ня могуць раскрыць.

Па‑другое, выбары. Як ні круці, а дзеяньні тэрарыста(ў) яўна накладаюцца на выбарчы цыкл у краіне, дзе насельніцтва арганізавана і датэрмінова аддае свае галасы тым, каму сымпатызуе мадам Ярмо.

Па‑трэцяе, такія крайнія псыхічныя дэфармацыі як тэрарызм нараджаюцца ня ўсюды і ня скрозь, а часьцей на фоне сацыяльнае напружанасьці, палітычнае гістэрыі, дэгуманізацыі, масавага псыхічнага разладу, і тут ёсьць што аналізаваць.

Тэхнічны бок справы

Ня ў кожнай краіне Ўсходняй Эўропы закладаюць бомбы. У Латвіі, Эстоніі, Літве, Польшчы, Славаччыне тэрактаў ад часу вызваленьня з‑пад расейскага ўплыву не бывала.

Ва Ўкраіне — так, было. Прычым, заўважце, перад выбарамі. У 1999 г. бомбу ўзарвалі на мітынгу прыхільніцы яднаньня з Расеяй Вітрэнкі, каб абвінаваціць у тым апазыцыю. А ў 2004 г. выбухоўку падклалі пад кіеўскую сынагогу — акурат калі зь Юшчанкі ляпілі вобраз «вузкалобага нацыяналіста».

Расейскія перадвыбарныя выбухі — клясыка жанру. Ва ўсіх краінах нагнятаньне сытуацыі гуляла на руку ўладам, а заварвалі кашу, як цяпер выходзіць наяву, не сілавікі, а бізнэсоўцы, ці дакладней назваць іх — мафіёзі‑нуварышы, зацікаўленыя ў захаваньні палітычнага статус‑кво. У некаторых выпадках відзён быў удзел замежных спэцслужбаў, якія распаўсюджваюць на чужыя краіны мэтады, недапушчальныя ва ўласных краінах. Перадвыбарныя выбухі ў Беларусі прынамсі па сваім часе дасканала ўпісваюцца ў схемы постсавецкіх «паліттэхналёгій».

Усе гэтыя кантэксты для ўладаў нявыгадныя. Але выгадна ня выгадна — кажыце праўду. Не трымайце людзей за балваноў.

У крытычных сытуацыях, як пасьля тэрактаў, грамадзкая патрэба ў праўдзівай інфармацыі абвастраецца. Яе дыктуе сам інстынкт самазахаваньня, яна неабходная для правільнае працы інтуіцыі.

У грамадзтвах з больш разьвітай палітычнай культурай хлусьня пра тэракты каштуе ўрадоўцам, а то і тамтэйшым «Лукашэнкам» іхных пасадаў. Так было ў Гішпаніі з Азнарам. Фактычна тое самае адбылося ў Штатах з рэспубліканцамі.

Навуковец-вар'ят

Моцны выбух прагрымеў у Віцебску 22 верасьня 2005 г. Гэта адбылося на дыскатэцы каля кавярні «Эрыдан». Пад тыя ж папсовыя рытмы, што і ў сталіцы. (Ня выключана, што тэрарыст падсьвядома помсьціцца за ўласныя дыскатэчныя — г. зн. псыхалягічнага характару паразы.)

Паводле сьледчых прэцэдэнтаў, у большасьці выпадкаў за самаробнымі бомбамі стаяць псыхічна неўраўнаважаныя людзі.

Раскрыць такія злачынствы ня проста.

18 гадоў спатрэбілася амэрыканцам для арышту Унабомбэра. Ад 1978 году ён дасылаў бомбы поштаю, атакуючы унівэрсытэцкіх выкладчыкаў, інтэлектуалаў, уплывовых палітыкаў і мэнэджэраў. Раскрылі яго выпадкова — ягоны брат натрапіў на падазроныя нататкі.

У ЗША ФБР дагэтуль ня выйшла на троп тых, хто пры канцы 2001 г. рассылаў лісты з бактэрыямі сібіркі. Сьледчыя, як высьвятляецца, узялі памылковы сьлед — яны шукалі «навукоўца‑вар’ята».

Графолягі дыягнаставалі, што почырк на лістах з бацыламі, якія трапілі ў Кангрэс ЗША і буйныя СМІ, належаў асобе з прыкметамі самоты і душэўнага разладу. Зь іншага боку, высокая ступень чысьціні парашку паказвала, што іх вырабіў не дылетант у бактэрыялягічнай сфэры. А рамесьніцкі, хатні характар фізычнае апрацоўкі сьмяротнае мукі даваў падставы думаць, што зламысьнік ня меў доступу да апаратуры дзейных лябараторый. Усё гэта разам вывела сьледзтва на адносна вузкую групу калявайсковых навукоўцаў. За імі татальна віжавалі. Іх прасьвечвалі наскрозь. На іх сканцэнтравалі ўсе рэсурсы. Урэшце, на аднаго зь іх палі падазрэньні, але доказаў не набралася.

Вэрсіі, што за рассылкай тых сьмяротных лістоў стаіць тэрарыстычная арганізацыя, замежная дзяржава, на чым настойвалі кансэрватары, ці — пра што гаварылі лібэралы — партыя вайны ў адной з амэрыканскіх сілавых структураў, не прымаліся ўсур’ёз.

ФБР мела гіганцкія рэсурсы ў распараджэньні. Зрэшты, беларускія сьледчыя маюць ня меншыя, калі наважваюцца распрацоўваць усіх, хто мае доступ да адпаведных хімічных рэактываў, дый яшчэ й кандыдатаў у дэпутаты ад апазыцыі ў прыдачу. Дубаломам з Вашынгтону не прыйшло ў галаву дапытаць па справе сібірскай язвы Барака Хасэйна Абаму, а ў яго ж і колер скуры, і імя падазроныя.

Жарты далоў. Цяжка раскрыць злачынства, якое ўчыніў скрытны апантанец. Дый няма гарантыі, што аўтарства віцебскіх і менскага выбухаў належыць аднаму чалавеку.

Сувязь між выбухамі і згвалтаваньнем

Сьледчыя не вінаватыя, што яны не раскрылі віцебскіх выбухаў. Але яны нясуць адказнасьць за тое, як вялося сьледзтва.

Прыёмы яго грамадзтва не даведалася б, каб не апазыцыя. Так‑так, апазыцыя.

Павал Красоўскі быў ня першым «подозреваемым». І ня тым, хто правёў у турме найдаўжэй. Але Красоўскі быў з нацыянальнага руху. І маці, і нявеста ў яго былі такія самыя, за яго змагаліся. Яго было каму абараняць, было каму шум падняць. Гэта дзякуючы яму мы ведаем: калі ён адмовіўся «прызнацца», яго… абвінавацілі ў згвалтаваньні. Які абсурд — скажаце вы. А нізасьць якая? Дзе тут гонар афіцэра‑сьледчага? А таксама — які дрымучы непрафэсіяналізм. Красоўскі аказаўся ў «патэнцыйных тэрарыстах» з простай прычыны — ён арганізоўваў культурна‑адукацыйныя летнікі для беларускамоўнай моладзі. А гэта ж у вачах рыцараў плашча і кінжала самае страшнае. Бо гуртуе людзей.

Старшы сьледчы па асабліва важных справах Генеральнай пракуратуры Расолька — кажуць, ён быў блізкі з былым, зусім былым генпракурорам Віктарам Шэймнам — праявіў у выпадку з Красоўскім асабістую бязьлітаснасьць і «прафэсіяналізм». Але, мяркую, ён толькі абапіраўся на інфармацыю ад «служыцеляў закону» зь іншае структуры. Хто з экстрэмісцкай моладзі мог? Вось вам нашы дасье — напрыклад, Красоўскі. Мо Красоўскага падсунулі ўвогуле толькі для таго, каб сарваць ягонае абраньне старшынём Маладога Фронту.

Пракалоліся — думалі, хлопец крохкі, але аказаўся ня зломак. Дый — шчасьце! — меў у пашпарце штампы, што ў дні віцебскага выбуху знаходзіўся не ў Беларусі. А што калі б штампаў не было?

Як іх не было іх у братоў Віталя і Юр’я Мурашкаў. Паказаньні супраць братоў Мурашкаў у свой час даў жыхар Віцебску, які цяпер знаходзіцца ў псыхіятрычнай лякарні. Паўгоду яны адседзелі. Доказаў няма? А ты пасядзі, пасядзі. З рэцыдывістамі пасядзіш. Мы і браціка твайго пасадзім.

Далей па віцебскім сьледзе

Сьледзтва выйшла на іх пасьля ператрусаў у работнікаў гадзіньнікавага заводу ды майстэрняў, бо гадзіньнікавыя мэханізмы зламысьнік выкарыстаў у абодвух выбуховых прыстасаваньнях. У 23‑гадовага Юр’я і 25‑гадовага Віталя бацька калісьці працаваў гадзіньнікавым майстрам, і пасьля ягонай сьмерці ў кватэры засталося шмат разабраных гадзіньнікаў. Да таго ж браты скончылі тэхналягічны ўнівэрсытэт, мелі «залатыя рукі», а яшчэ «нетыповую зьнешнасць» (каго шукалі пасьля выбухаў 4 ліпеня? Архетып тэрарыста для ўсіх, хто жыве расейскім тэлебачаньнем) — абодва не па‑славянску чарнявыя і смуглявыя.

Замучаная страхам за дзяцей жанчына рыхтавала ліст да Аляксандра Лукашэнкі, за якога, дарэчы, галасавала ў 2001 годзе. Журналістам патлумачыла: «Ня веру, каб ён, маючы сваіх двух сыноў, не паслухаў мяне, маці!» Але адправіць не пасьпела. Ні доказаў, ні суду, а кіраўнік краіны, вандруючы па Гомельшчыне, ужо выдаў краіне прыгавор: «В Витебске два охламона взорвали имитационное устройство и думали, что их не найдут. Их быстро вычислили, нашли, и они уже рассказали, где брали порох и как хотели попугать людей в двух местах».

Толькі тады цешча старэйшага з братоў зьвярнулася ў незалежныя мэдыі. Яна даказвала: хлопцы не вінаватыя, зь іх хочуць зрабіць «паказальных злачынцаў на паказальным працэсе». Людміла Балаболічава атрымала суворае папярэджаньне ад сілавікоў за «парушэньне таямніцы сьледзтва». Але розгалас дапамог.

Вось чаму віцебскі сьлед узгадваць ня хочуць — бо мучылі людзей, ламалі. Мэтады як у 50‑я, толькі што цяпер ужо пазьбягаюць крайняй меры.

Дзякуй што ў краіне дагэтуль трымаецца арганізаваная апазыцыя. У 2007‑м, як пачалася кампанія дыскрэдытацыі КДБ, быў арыштаваны чарговы падазраваны — маёр віцебскага ўпраўленьня Камітэту Дзямідаў. Ягоныя маці і жонкі адразу кінуліся ў незалежныя СМІ. Як трывога то да Бога, кажуць людзі.

А мэтады сьледзтва былі тыя самыя і супраць «свайго».

Гэта пасьля, са словаў генпракурора Міклашэвіча, стане вядома, што «на палях» Віцебскай справы за паралельна выяўленыя злачынствы было асуджана каля 60 асобаў. Уяўляеце маштаб? Калі 60 пасадзілі, колькіх арыштоўвалі? І як жа Беларусі ня быць у сусьветных лідэрах па колькасьці вязьняў.

Дарэчы, адстаўны амэрыканскі навуковец Стывэн Гатфіл, абвінавачаны ў рассылцы сібіркі, спаганяе з ФБР 5 мільёнаў 825 тысяч даляраў за шкоду, нанесеную ягонай рэпутацыі. А яго ж нават не арыштоўвалі! Проста адсочвалі і публічна назвалі падазраваным.

Дык гэта ў іх, на Захадзе, дзе «маленькі чалавек неабаронены». У нас, у «гасударстве для народу», Паўлюк Красоўскі ці маёр Дзямідаў дачакаліся, окей, не пяці мільёнаў беларускіх рублёў, дык хоць прабачэньняў?

Юнака, які мае гонар мець адрозныя палітычныя погляды, абвінавацілі ў згвалтаваньні, каб ён прызнаўся ў тэракце, у дзень якога ён быў за кардонам. Гэта не ў садамаўскім Іраку і не ў Гуантанама, пра якое ўсе чулі і ніхто ня бачыў, а ў Беларусі сегодня. Гасударстве для народу. Не для чалавека — для народу. Бо народ гэта нешта агульнае, рукамі не памацаеш. Красоўскі, браты Мурашкі, гэбіст Дзямідаў, Міраслаў Лазоўскі — гэта не народ. Гэта вінцікі. Кшталту тых, што былі залітыя ў бомбу — таксама псыхааналітычна, дарэчы.

Можна сабе ўявіць, што чакае аболтуса зь Віцебску, які меў няшчасьце атрымаць гайку ў канечнасьць. Папацягаюць яго. Будзе знаць, як хадзіць на канцэрты «за Беларусь».

Інкубатар для бамбістаў

Унабомбэры час ад часу нараджаюцца. Што зробіш — няма роду без выроду, а шаленцам у нашы часы таксама даступны порах. Толькі ў Беларусі не адна бяда ‑‑ маньяк. «Гасударства для народу» выйшла на першыя месцы ў сьвеце па колькасьці самагубстваў (36,8 на 100 тыс. насельніцтва ў 2007 г.; для параўнаньня: у Германіі 13,5, у Малдове — 17,25), на першыя месцы па колькасьці забойстваў на душу насельніцтва. Плюс страшнае лідэрства па колькасьці зьняволеных. З гэтае глебы вырас беларускі тэрарызм.

Беларусы памятаюць пра Ганчара, і пра Карпенку памятаюць. А тыя людзі, безымянныя, бо не палітычныя, што тысячамі гніюць жыўцом у сьмярдзючых багнах турмаў — толькі таму што быццам бы няправільна інтэрпрэтавалі падатковае заканадаўства? А тыя тысячы, што без пары палезьлі ў пельку, яны на чыім рахунку? А астматык Парсюкевіч, якому ўкарацілі жыцьцё на дзясятак гадоў? Не зьдзіўлюся, калі за выбухамі стаіць чалавек, што трапіў у жорны найноўшае беларускае параноі. На Зямлі пад белымі крыламі за гістарычна кароткі тэрмін адбылася імклівая дэгуманізацыя. Чалавечы патэнцыял дэградаваў, разбуранае грамадзянскае пачуцьцё, адсутнічае нацыянальная салідарнасьць — усё тое, што ляжыць у аснове разьвіцьця малых эўрапейскіх краінаў.

Вось куды можна зайсьці па віцебскім сьледзе.

Пасьля тэракту, складаецца ўражаньне, улады кінулі ўсе сілы на дыскрэдытацыю палітычных праціўнікаў, хоць ня маюць на тое ніякіх падставаў. Гэта і ёсьць прыклад фактычнага распальваньня нянавісьці, мэханіка дэгуманізацыі.

Кажуць, палітыка брудная справа. Але няма грамадзтва без палітыкі. Паталёгіі палітыкі лечацца праз адкрытасьць крытыкі, свабоду слова.

А што чытаем мы? «Президент, который был на концерте, действовал в присущей ему хладнокровной и решительной манере. После доклада своей Службы безопасности о случившемся А.Г.Лукашенко немедленно пришел на место происшествия, ободрил пострадавших, дал кому следует конкретные указания. Хотя вполне могло статься, что рядом могла таиться еще одна бомба…». Кажуць, што гэтая газэта пішацца для аднаго чалавека. Няслаба ж гэты чалавек хоча, каб яго хвалілі.

Асобныя словы расчараваньня — на адрас асобных незалежных журналістаў, якіх адзін раз ня вытурылі з прэс‑канфэрэнцыі, і вось яны ўжо хваляць улады за «палітыку адкрытасьці ў дачыненьні ўсяго, што зьвязанае з тэрактам». Дзе тое пабачылі? Першы зарад знайшлі за дзьве гадзіны да выбуху і не спынілі канцэрту, каб не парушыць піяр‑легенду пра стабільнасьць. Даведалася краіна пра гэта толькі праз чатыры дні і толькі таму, што чэсныя людзі ў сілавых структурах папросту не змаглі сьцярпець такой дзікасьці і зьлілі факт у тыя самыя незалежныя СМІ. Маем справу з аднабокай інфармацый і мэтадычнай дэзынфармацыяй адначасова. Спытайцеся цётку Маню, хто ўзарваў бомбу ў Менску. Калякін нейкі, апазыцыя‑гніды! — скажа яна. І гэта вы называеце галоснасьцю і адкрытасьцю?

Ізноў Віцебск

Віцебск мае свае палітычныя і мэнтальныя асаблівасьці. У сілу геаграфічнай блізкасьці і транспартнай прывязкі да Пецярбургу гэты горад колісь падпаў пад наймацнейшы ўплыў расейскай культуры, што адбілася на «духу места». Але гаворка цяпер не пра лірыку.

У БССР «Віцебская справа» стала свайго роду юрыдычным Чарнобылем, які расплюшчыў вочы на маральнае падзеньне, нялюдзкі характар савецкай праваахоўнай сыстэмы. Тады, нагадаю, у Наддзьвіньні дзейнічаў маньяк — гвалціў, забіваў жанчынаў. Дзясяткамі. І гадамі арыштоўвалі «вінаватых»: сьледчыя вялі справы, пракуроры абвінавачвалі, судзьдзі падмахвалі, небаракі сазнаваліся — садзілі іх, расстрэльвалі. А забойствы паўтараліся. Спатрэбіліся хтосьці сумленьнейшы як палкоўнік Грыб і сьледчы Ігнатовіч — будучыя старшыня парлямэнту і генпракурор часоў незалежнасьці, — каб дакапацца да праўды. Тым часам савецкія міністры, генэралы пакрывалі сыстэму, пры якой вінаватых прадукавалі «по плану», абы не псаваць статыстыку.

Навука «Віцебскай справы» не прайшла намарна для беларускае Фэміды. Іначай бы сёньня сытуацыя (і ўладаў у тым ліку) была б горшая — ужо пакрываўся б каростай той Мурашка ў Жодзіне, і толькі выбух у Менску яго ўратаваў бы. На гэты раз органы сьледзтва таксама ідуць па віцебскім сьледзе. Сьмерцяў на ім пакуль няма. Але кроў у любым разе кроў. Хочацца спадзявацца, што тэракты лукашэнкаўскай пары таксама прывядуць да рэвалюцыі сьледчых практык у Беларусі. Каб мэтады сьледзтва — арыштаваць дзясяткі людзей, а раптам сярод іх знойдзецца злачынца — засталіся ў мінулым. І каб сьледчыя перасталі абслугоўвалі палітыкаў(а).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?