Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што Дзмітрый Уткін, якога называюць камандзірам расійскіх наёмнікаў, вядомы пад пазыўным «Вагнер», быў у спісах запрошаных на банкет у Крамлі 9 снежня.
«Дзмітрый Уткін сапраўды быў. Ён кавалер ордэнаў Мужнасці і ён быў сапраўды ад Наўгародскай вобласці», — сказаў Пяскоў.
На пытанне, за што менавіта Уткін атрымаў ордэн Мужнасці, Пяскоў адказаць не змог, паведаміўшы толькі, што звычайна яны [ордэны] даюцца за мужнасць.
На просьбу журналістаў удакладніць, ці знаходзяцца наёмнікі з «групы Вагнера», цяпер у Сірыі, Пяскоў сказаў: «Я не ведаю, што ў яго ёсць байцы і не ведаю, ці знаходзяцца яны ў Сірыі, і не ведаю, ці ёсць у іх наогул нейкі статус».
***
12 снежня «Фонтанка» паведаміла, што на прыёме ў гонар Дня Герояў Айчыны ў Крамлі быў заўважаны Дзмітрый Уткін. Пяскоў абяцаў праверыць гэтую інфармацыю.
***
Па дадзеных «Фантанкі» і «Газеты.Ру», Уткін узначальвае прыватную ваенную кампанію, якая рыхтуе наёмнікаў для ўдзелу ў баявых дзеяннях, у тым ліку ў Данбасе і Сірыі.
У расійскім Крымінальным кодэксе ёсць артыкул «наёмніцтва», які прадугледжвае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі.