Віктар Красоўскі — рэжысёр стужкі «Душы мёртвыя», сёлетняй пераможцы Нацыянальнага конкурсу «Лістапада» і фестывалю «Бульбамуві». Пакуль хтосьці яшчэ сумняецца ў наяўнасці сучаснага беларускага кіно, гэта сацыяльная драма працягвае свае шэсце па міжнародных фестывалях.

Вядома, пра Каны гаворыць яшчэ зарана, тым не менш на прыкладзе твораў Віктара Красоўскага можна з аптымізмам глядзець у будучыню айчыннай (незалежнай) кінематаграфіі. «Душы мёртвыя» — па праве адна з галоўных стужак 2016-га ў нашым кіно і яе рэжысёр — творца, да якога варта прыгледзецца.

Па асноўнай прафесіі — рэжысёр драматычнага тэатра, у жыцці — прыватны прадпрымальнік, Віктар Красоўскі да поспеху «Душаў..» ставіцца па-філасофску. «Вось з тэатрам неяк не стартанула, а кіно пакуль атрымоўваецца», — адзначае ён, прымаючы мяне ў адным з невялічкіх офісаў у цэнтры Мінска.

На палічках стаяць прызы, на дошцы — раскадроўка будучай кароткаметражкі. 

Тут з'яўляецца адчуванне рабочых будняў, якія распачаліся пасля эйфарыі перамогаў.

Пра тое, як жывецца беларускаму кінарэжысёру з сям’ёй і прафесіяй, чаму ў Джыгурды і Дамагарава не ўдаюцца добрыя баевікі, як знайсці добрую тэму для кіно і пра што маўчаць беларусы — пра гэта гутарым з лаўрэатам драматургічных і кінафестываляў, рэжысёрам Віктарам Красоўскім.

Пра жыццё і беларускі рубель

— А чым вы ў жыцці займаецеся акрамя кіно, калі не сакрэт?

— Шклом гадлюю.

— І як ідзе бізнэс?

— Дрэнна. Таму што калі займаешся кіно, з бізнесу вылятаеш. Вось цяпер задумалі «кароткі метр» на пятнаццаць хвілін. Сяджу і ўвесь час малюю, — Віктар паказвае на дошку з малюнкамі. — Іншым часам уключышся, камерсант «усякаецца», прапановы ідуць, тэлефанаванні… А другім разам, бывае, сяджу, хтосьці тэлефануе, а я: «Ой, вы ведаеце, цяпер не на месцы…» Мозг «забіты» іншым.

— І колькі, мяркуеце, так можна працягнуць? Вунь у вас усе паліцы прызамі забітыя…

— Ды яшчэ дома ёсць! Не ведаю колькі, але як карта ляжа. Не раблю вялізных ставак, што здолею зарабіць кіно. Пакуль для мяне, напэўна, больш важна заваяваць людскія сэрцы, хоць гэта гучыць даволі пафасна. Дзіўныя ростані, згодны, але сям’ю таксама трэба карміць. Пакуль так, як ёсць.

— Сёння нямала маладых кінематаграфістаў з’язджаюць за мяжу — па розных прычынах: вучыца, шукаць новыя магчымасці. У вас не было такой думкі? Асяродак тут, вам падаецца, можна змяніць, каб творчаму чалавеку было лягчэй?

— Ведаеце, мяне вельмі часта пытаюцца пра беларускі кінематограф. Ці ёсць ён, ці няма. Я лічу, што ўсё тут будзе добра, у тым ліку з беларускім кіно, калі звычайны беларус пачне прыстойна зарабляць. Калі ён будзе адчуваць, што дзяжава пра яго дбае.

— А цяпер не дбае?

— Цяпер пра тыя грошы, якія беларус зарабляе, кажуць так: «Гэтыя грошы зарабіў Я». Не дзяржава дапамагла мне іх зарабіць, а Я сам, сваімі высілкамі, праз усе перашкоды. Калі пазіцыя будзе іншай, калі людзі сапраўды будуць адчуваць, што ім даюць магчымасці, што клопат пра людзей ёсць — яны пачнуць аддаваць. І з беларускім кіно будзе ўсё ў парадку. Ведаеце, калі ў нас з’явіцца добрыя жанравыя фільмы? Добрая камедыя, якая будзе даспадобы?

— Калі?

— Калі беларускі рубль пратрымаецца «на стабільнічку» да даляра тры гады. Калі чалавек ведае, што гурок у яго расце, бандыт яго не адбярэ, падатковы інспектар не аштрафуе, тады ён і падумае пра камедыю беларускай вытворчасці. «Пайду я пабачу, што там нашы наздымылі!» — вось што скажа. А сёння — час пераважна для аўтарскага кіно і драмаў, да якіх людзі пераважна не дойдуць.

Пра баевікі і 1990-я

— Віктар, мяне ваша кіно, пры тым што дзеянне ў ім адбываецца ў сучасныя дні, адсылае да культуры 90-х: героі з нейкай падазронай гісторыяй, падзяленне на слабых і моцных, адчуванне развалу, крызісу, нейкай знешней абалонкі, якая вось-вось трэсне… Цікава, ці вы ўлоўліваеце гэтыя коды ў сучасным часе, ці проста з сімпатыяй ставіцеся да 1990-х?

— Прыгожае пытанне. Напэўна, так, ёсць штосьці, але гэта адбываецца несвядома. Я вырас у 1990-я і, уласна, з’яўляюся вынікам таго, што глядзеў у тыя часы. У сем гадоў паглядзеў «Жыццё Кліма Самгіна» і «Сібірыяду»: прыкідваўся хворым, заставаўся дома і ўперамежку з мультфільмамі паглынаў гэтыя опусы. Потым сталі адкрывацца відэасалоны, хлынулі баевікі, і да мяне прыйшоў «Амерыканскі ніндзя». Цяпер глядзіш — ну, поўнае шыла, а тады быў культавы баявік! Да гэтай пары абагаўляю «Чарапашак-ніндзя» і «Трансформераў», хто мне б што ні казаў. У цэлым люблю перагледжваць стужкі тых часоў і, прынамсі, прыйшоў да адной высновы.

— Што не зняць нам «Чарапашак-ніндзя»?

— Штосьці такое. Што баевікі — гэта пакуль, на жаль, не наш жанр. Колькі б ні намагаліся Джыгурда ці Дамагараў зрабіць якасны баявік — ну, не выходзіць у іх, і ўсё. Дастань, выцягні бойкі — анічога не застаецца. А павінна быць аўтарская мастацкая пазіцыя. Няма нейкага трапнага назірання за жыццём, жадання адлюстраваць важныя рэчы ў грамадстве. Акрамя Балабанава, большасць расійскіх баевікоў — капіяванне заходніх узораў. А жанр спрацоўвае, калі ёсць за ім подых жыцця. У амерыканцаў гэта выходзіць. А ў расійскім кіно ўсё неяк адно махач, маніпуляцыя глядацкім пачуццем нясправядлівасці ці помсты — нічога больш.

— Вам, напэўна, блізкі гэты жанр. Вы не хацелі зрабіць баявік?

— Дарэчы, мяне ўгаворвалі ў свой час з «Вартаўніка», маёй першай карціны, зрабіць баявік. Калі прыдумваў галоўнага персанажа, трымаў у галаве фразу з песні «Tequilajazzz»: «Когда-нибудь вы узнаете, с кем во дворе в домино вы играете». Вось ходзяць па двары такія «мірныя» старыя, а капні — яго мінулае ўтрымлівае такія рэчы! Мне было цікава «пакапацца» вось у гэтай «мірнай» біяграфіі. Угаворвалі: «А давай ты зробіш флэш-бэкі і пакажаш, што ён там «муціў» у сваім жыцці». Але я палічыў, што ў такім выпадку жанр «заб’е» аўтарскі погляд.

— А як вы знайшлі тэму для «Душаў…»? Таксама назіралі за рэальнасцю?

— Дарэчы, была гісторыя. Шукаў цікавы сюжэт і звярнуўся да аднаго чалавека «з багатым мінулым». Падзяліўся, што вось хачу кіно зняць, можа, распавядзеце што-небудзь такое. Ён пачынае расказваць свае ўмоўна забароненыя гісторыі, а яму ў адказ. «Вось ведаеце, я тут тое-сёе нафантазіраваў, а калі напісаць такі сцэнар?» — і выкладваю яму на словах схему. Завод, каб атрымаць падатковыя льготы, набірае ў свой кадравы склад людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Ён пагледзеў на мяне ўважліва і раптам кажа: «Не лезь туды!» Мне нават страшна стала. Але адначасова я зразумеў, што схема працуе, і тое — добры матэрыял для фільма.

Зноў пра 1990-я і Віскулі

— Дарэчы, вось гэты момант сапраўды цікавы. Разумею, што «Душы мёртвыя» — пра сёння, але чаму ў нас, у беларускім кіно, увогуле не было спробаў распрацаваць, пазначыць, адрэфліксаваць той няпросты перыяд — 1990-я? У рэчышчы менавіта жанравым. Можна падумаць, у нас нічога тут і не адбывалася…

— У нас проста баяцца брацца за гэты час. Хоць я чуў масу гісторый. Прычым такіх, ад якіх пачуцце патрыятызму ў такім недарэчным пытанні ўспыхвае яркім полымем. Разборкі круцейшыя, чым у Маскве ці дзе-небудзь на Урале. Дакладна не скажу, у якой вобласці гэта адбывалася ды і ці праўда ўвогуле, але была легендарная гісторыя пра агурковыя войны. Гаспадары вырасцілі агуркі на плантацыях, прыйшлі бандыты, але іх сустрэў тут такі супраціў, што мала не паказалася. У нас тут адбываліся вельмі сурё’зныя рэчы. Ды навошта далёка хадзіць? Белавежская пушча, Віскулі, скон Савецкага Саюза. Чаму ніхто не спрабаваў зрабіць пра гэты момант мастацкую карціну? Нават дзіўна! Усё ж захавалася, нават не ведаю, што гэта за жанр можа атрымацца. Палітычны трылер? Гэта толькі на першы погляд у нас тут ціха і сумна, а капні… Тыя ж кантрабандысцкія міжваенныя часы. А Ракаў — сталіца кантрабандыстаў? Калі занурыцца ў нашу гісторыю, чаго тут толькі не знойдзеш, вартага экранізацыі.

Насамрэч, лічу, што памяркоўныя беларусы — гэта ўсё масачка. Дзесьці чытаў такі артыкул, не памятую: маўляў, хлопцы, не майце справаў з беларускімі бізнэсменамі. «Бачыў, як яны разводзяць каўказцаў, не міргнуўшы вокам». Карацей, і смех і грэх.

 — А лічымся прыстойнымі і надзейнымі партнёрамі.

— Трымаем марку.

І, нарэшце, пра мастацтва

— Віктар, урэшце, хто для вас рэжысёр? Закранулі многае, але мастацкія рэчы засталіся не раскрытымі…

— Мастак мастакоў. Бо сцэнарыст для мяне таксама мастак. Як і акцёры. А рэжысёр — мастак гэтых мастакоў. Вядома, адно добрым веданнем тэмы кіно не зробіш. Мусіць быць прафесія, падыход, распрацоўка. А то, сапраўды, мы тут з вамі дагаворымся да таго, што кожны аўтарытэт здольны зняць добрую карціну. Быў такі досвед, дарэчы, калі адзін падобны чалавек захапіўся і зняў кіно. Я бачыў гэты твор. Сенсацыі, скажам так, не адбылося. Калі заходзіш на тэрыторыю мастацтва, мусіш трымацца яго законаў. Досвед, веданне тэмы — усё гэта, вядома, дапамагае, але не дае гарантыі добрага кіно.

Дарэчы, у нашай Акадэміі мастацтваў, у адрозненне ад майстэрства акцёра, кінарэжысуры вучаць даволі пасрэдна. Як працаваць з дэталямі, з фізічным дзеяннем — усё гэта я спасцігаў на ўласным досведзе. «Давай гісторыю, гісторыю давай», — вось што часцей за ўсё кажуць рэжысёрам. Але парадокс у тым, што яна — гісторыя — у кіно не самае галоўнае. Якім чынам яна распавядаецца, а самае галоўнае хто — вось тое, што робіць стужку адметнай. Кіно — гэта вялікая маніпуляцыя, з якой трэба старанна працаваць, каб у выніку глядачу, збянтэжанаму, нічога не засталося, як сказаць: «У, якая гісторыя! Як у жыцці!» Рэжысёр, сцэнарыст, аператар, акцёры — яны і ёсць мастакі, якія яе «закручваюць», манціруюць і ствараюць.

Даведка

Віктар Красоўскі скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «рэжысёр драмтэатра» (курс Валерыя Раеўскага). Аўтар п’ес: «Панк памёр», «У сваты»(у суаўтарстве з Дз.Багаслаўскім), «Эшалон №0» (у суаўтарстве з І. Галец), «Patris» (у суаўтарстве з Дз. Багаслаўскім і С. Анцэлевічам), «Пару дзён, і ўсё», «Сітуацыя №2222» ды іншых.

Драматургічныя творы аўтара неаднаразова траплялі ў шорт- і лонг-лісты драматургічных конкурсаў: «Любімаўка», Міжнародны Валошынскі конкурс, Усерасійскі драматургічны конкурс «Дзейныя асобы», драматургічны конкурс «Свабодны тэатр», зборнікі актуальных п’ес.

У кіно прыйшоў фільмам «Вартаўнік», які адразу атрымаў Гран-пры на Варшаўскім фестывалі беларускага кіно «Бульбамуві». Яго другая карціна «Душы мёртвыя» стала пераможцай Нацыянальнага конкурсу Мінскага міжнароднага фестывалю «Лістапад», фестывалю «Бульбамуві», XIII Міжнароднага фестывалю-практыкума кінашкол «Кінапроба»… Жанаты з Наталляй Ляванавай, тэатральнай рэжысёркай. Мае сына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?