Сёмы з’езд беларусаў свету адбудзецца 15—16 ліпеня 2017 года ў Мінску. Дату і месца правядзення зацвердзіла Малая Рада Згуртавання на пасяджэнні, якое адыблося 15 снежня. Таксама Рада прыняла шэраг важных рашэнняў, сярод якіх найпершае — вызначэнне тэмы З’езду: «Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа — выклікі сучаснасці і стратэгія развіцця».

Архіўнае фота, zbsb.org

Архіўнае фота, zbsb.org

Гэтая тэма дазваляе засяродзіць увагу на праблеме захавання дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, што ў святле геапалітычных працэсаў апошняга часу набывае ўсё большую актуальнасць, а таксама разгледзець па-ранейшаму надзённыя праблемы, звязаныя са слабай нацыянальнай ідэнтычнасцю як сярод беларусаў замежжа, гэтак і ў самой Беларусі. Важным аспектам працы З’езду стане выпрацоўка рэкамендацый адносна практычных крокаў для паглыблення ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і беларусамі замежжа. 

З’езды беларусаў свету ладзяцца Згуртаваннем раз на чатыры гады, пачынаючы ад 1993 года. І кожны з’езд рабіўся важнай падзеяй, этапам у развіцці стасункаў паміж Беларуссю і беларусамі замежжа.

Менавіта з ініцыятывы Згуртавання «Бацькаўшчына», агучанай на Трэцім з’ездзе, пачалі фарміравацца прапановы для законапраекта «Аб беларусах замежжа» і дзяржаўнай праграмы «Беларусы ў свеце». З прыняццем гэтага закона ў 2014 годзе быў юрыдычна замацаваны статус «беларус замежжа» і закладзеная заканадаўчая база для супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай, якую цяпер трэба пашыраць і напаўняць практычнымі крокамі.

Чакаецца, што прапановы адносна ўзаемадзеяння беларускай дыяспары і Беларусі будуць абмеркаваныя як на пленарным пасяджэнні, так і падчас працы секцый. На сёння Малая Рада зацвердзіла 4 секцыі, з якіх Вялікая Рада (куды ўваходзяць прадстаўнікі і кіраўнікі беларускіх арганізацый у замежжы) абярэ тры.

На галасаванне Вялікай Рады вынесены наступныя тэмы секцый:

1. Гістарычныя карані беларускай дзяржаўнасці.

2. Беларуская дыяспара і Беларусь: стратэгія ўзаемадзеяння ў сучасных умовах.

3. Беларуская мова і культура як падмурак дзяржаўнай незалежнасці.

4. Хрысціянства ў Беларусі ў святле 500-годдзя выдання Бібліі Скарыны.

Малая Рада даручыла Управе сфармаваць Арганізацыйны камітэт і Працоўную групу па падрыхтоўцы Сёмага з’езду беларусаў свету, а таксама вызначыць нормы прадстаўніцтва дэлегатаў. Дзеля высвятлення найбольш важных надзённых пытанняў, якія хвалююць арганізацыі беларусаў замежжа, было вырашана правесці апытанне, у якім сабраць прапановы, скіраваныя як да беларускай дзяржавы, так і да грамадскасці. Анкеты будуць дасланыя ў шматлікія беларускія суполкі за мяжой. Каб улічыць меркаванне як мага больш шырокага кола тых, хто займаецца беларускай справай па ўсім свеце, неўзабаве на сайце «Бацькаўшчыны» з’явіцца электронная форма апытання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?