У Магілёве ідзе суд над «чорнымі рыэлтарамі», якіх абвінавачваюць у забойстве шасці чалавек і падрыхтоўцы да забойства яшчэ траіх. На лаве падсудных — сямейная пара і двое мужчын. У зале суда — толькі суддзі, дзяржабвінаваўца, адвакаты, міліцыянты.

Фота траіх з чатырох абвінавачаных.

Фота траіх з чатырох абвінавачаных.

Падазраваным выстаўленае абвінавачванне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: забойства пры абцяжарвальных абставінах, падрыхтоўка да забойства, выкраданне чалавека, падрыхтоўка да выкрадання чалавека, разбой, вымагальніцтва, махлярства, незаконны абарот псіхатропных рэчываў, знішчэнне дакументаў. Толькі па першым артыкуле прадугледжана пакаранне аж да 25 гадоў пазбаўлення волі (для жанчыны) або расстрэлу (для мужчын).

Па версіі следства, абвінавачаныя з 2009 па 2015 год знаходзілі людзей — адзінокіх або якія злоўжываюць алкаголем, угаворвалі прадаць кватэру і перасяліцца ў больш таннае жыллё. Пасля афармлення здзелкі ахвяр забівалі і хавалі на сельскіх могілках.

На чарговым пасяджэнні дзяржабвінаваўца зачытала сведчанні аднаго з абвінавачаных Сямёна Беражнога. Па дадзеных следства, мужчына з 2013 па 2015 гады ўдзельнічаў у забойстве чатырох чалавек і падрыхтоўцы да забойства яшчэ аднаго. Разам з ім судзяць Таццяну і Ігара Гершанковых (мужа і жонку) і Барыса Калесніка.

Мяркуючы па паказаннях, абвінавачваны да таго, як далучыўся да Ігара Гершанкова, працаваў у Расіі. Знаёмыя мужчыны былі прыблізна з 2008 года. У сакавіку 2013 года Гершанкоў прапанаваў знаёмаму працу — «казаў, што трэба ўкласці грошы ў кватэру, каб прадаць яе і купіць дом». Беражны пагадзіўся, сказаў, што і так збіраўся вяртацца на радзіму.

Па сведчаннях Беражнога, Гершанкоў яго «як бы навучаў». Першая ахвяра «навучання» жыла ў Магілёве на вуліцы Касманаўтаў, 6. Падчас следчых дзеянняў мужчына казаў пра ахвяру так: «першы наш з Ігарам, якога пахавалі за 60 км ад Магілёва».

У двухпакаёвай кватэры на Касманаўтаў, 6 жыў мужчына. Як менавіта на яго выйшлі «чорныя рыэлтары», Беражны дакладна не ведае — кажа, што імя і адрас ахвяры быў запісаны ў Гершанкова на паперы ад рукі. Па першапачатковай задумцы, палову кватэры, якая належыць мужчыну (другой валодае сястра забітага), «чорныя рыэлтары» хацелі прадаць, пераселіць яе ўладальніка ў вясковы дом, а розніцу грошай забраць сабе.

У працэсе падрыхтоўкі дакументаў Гершанкоў, па словах Беражнога, сказаў, што дом мужчыну купляць нельга, і пераселяць яго туды — таксама, маўляў, ён напіша заяву ў міліцыю, і іх пасадзяць. У які момант парачка адважылася на забойства, пакуль незразумела. Беражны кажа, што прапанаваў гэта Гершанкоў. Ён дастаў у нейкага хлопца клафелін і ў чэрвені 2013 года падсыпаў яго ахвяры ў гарэлку, «сказаў, што той памрэ, але ён толькі заснуў».

Спячага мужчыну павезлі на машыне на могілкі каля вёскі Ляхаўшчына Чавускага раёна. Магілу выкапалі загадзя — нанялі для гэтага «ў Чэрыкаве або Чавусах» двух мужчын, якія таксама злоўжывалі спіртным. Купілі рыдлёўкі на магілёўскім рынку — тронак і металічныя часткі асобна — і скотч. А яшчэ — драўляны крыж і вянок у кіёску з рытуальнымі прыладамі. Труны сваім ахвярам «чорныя рыэлтары» не куплялі.

Эксгумацыя целаў ахвяр «чорных рыэлтараў». Фота: УСК па Магілёўскай вобласці

Эксгумацыя целаў ахвяр «чорных рыэлтараў». Фота: УСК па Магілёўскай вобласці

З паказанняў Беражнога: «Ігар сказаў: «Я буду рукі трымаць, а ты матай» (замотывай скотчам рукі прывезенаму на могілкі соннаму мужчыну, якога апаіў гарэлкай з клафелінам. — Заўвага. TUT.BY). Потым кажа: «Матай на твар, на рот». Калі матаў, я зразумеў, што ён не памёр, — ён дыхаў».

На зваротным шляху мужчыны спыніліся ля моста праз раку, спусціліся пад яго, зламалі тронкі рыдлёвак і выкінуў усё ў ваду.

Па словах Беражнога, за частку кватэры яны выручылі 12—15 тыс. даляраў. З іх ён атрымаў толькі 2,5 тысячы — астатняя сума, сказаў яму тады Гершанкоў, патрэбна была яму, каб «раздаць нейкія даўгі» і «на наступную кватэру».

У сведчаньнях і на судзе Беражны таксама распавёў, як «чорныя рыэлтары» шукалі сваіх ахвяр. Па словах Гершанкова, у яго быў спіс даўжнікоў за камунальныя паслугі — з адрасамі, колькасцю прапісаных у кватэры людзей і інфармацыяй аб тым, ці прыватызавана жыллё. Спіс гэты, як казаў Беражному Гершанкоў, падала супрацоўніца разлікова-касавага цэнтра № 3. За грошы. Гершанкову вядомая сума — каля 700 даляраў. Абвінавачаны мяркуе, што спіс гэты абнаўляўся — таксама за грошы.

Супрацоўніцу РКЦ Беражны бачыў два разы. Першы раз яны з Гершанковым падвозілі яе з працы дадому, прычым дарогу ў яе Гершанкоў не пытаўся: «відавочна, ведаў ужо, дзе яна жыве». Па дарозе жанчына распавядала, што жыве з сынам, які «паступаў або збіраецца паступаць у міліцыю». Гершанкоў дапамог жанчыне занесці ў кватэру пакеты і вярнуўся ў машыну.

Другі раз Беражны ўбачыў супрацоўніцу РКЦ на рынку. Ён быў з Гершанковым і яго жонкай Таццянай, якая таксама знаходзіцца на лаве падсудных. Жанчына прыйшла да Таццяны, якая, па словах Гершанкова, гандлявала адзеннем, і ў яго склалася ўражанне, што яны адзін аднаго даўно ведаюць.

Як жанчына перадавала спісы даўжнікоў за камуналку Гершанкову, Беражны ніколі не бачыў. Патлумачыў у судзе толькі тое, што Гершанкоў дыктаваў яму з гэтага спісу, раздрукаванага на прынтары, імёны і адрасы. Беражны пісаў дадзеныя ад рукі ў маленькія нататнікі. Запісы занялі 12—18 лістоў. Нататнікі з дадзенымі Беражны захоўваў у сябе ў гаражы.

Слуханне працягнецца на наступным тыдні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?