У Мадрыдзе 16 снежня адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця пасольства Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Іспанія.

У сувязі з пачаткам дыпламатычнай прысутнасці Беларусі ў Іспаніі быў праведзены шэраг палітычных, эканамічных і культурных мерапрыемстваў. 15 і 16 снежня з рабочым візітам у Іспаніі знаходзіцца беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам міністра замежных спраў Яўгенам Шастаковым.

Як паведамляе прэс-служба беларускага пасольства ў Францыі, Шастакоў правёў перамовы з дзяржаўным сакратаром па замежных справах Міністэрства замежных спраў і супрацоўніцтва Іспаніі Ігнасіа Ібанесам. Абмеркаваны шырокі спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва. Асаблівая ўвага была нададзеная актывізацыі кантактаў на ўзроўні кіраўніцтва міністэрстваў замежных спраў дзвюх краін, развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, пашырэння дагаворна-прававой базы, рэалізацыі сумесных культурных праектаў.

Бакі дамовіліся найбліжэйшым часам падпісаць міжурадавы мемарандум аб супрацоўніцтве ў сферах эканомікі і прамысловасці, якім прадугледжваецца стварэнне сумеснай гандлёва-эканамічнай камісіі, а таксама мемарандум аб супрацоўніцтве паміж міністэрствамі замежных спраў і пагадненне аб супрацоўніцтве паміж міністэрствамі юстыцыі Беларусі і Іспаніі.

15 снежня ў Мадрыдзе адбылася сустрэча члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кацярыны Дулавай з членамі камісіі па міжнародных справах сената Іспаніі. Былі абмеркаваныя пытанні развіцця міжпарламенцкага супрацоўніцтва, а таксама супрацоўніцтва ў эканамічнай і культурнай сферах.

16 снежня ад імя пасла Беларусі ў Іспаніі Паўла Латушкі быў дадзены ўрачысты прыём з нагоды адкрыцця пасольства. На прыёме прысутнічала больш за 100 прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў Мадрыдзе, палітычнай эліты і грамадскасці Іспаніі, дзелавых колаў і беларускай дыяспары ў гэтай краіне.

На прыёме прысутнічалі генеральны сакратар па замежных справах МЗС Іспаніі Ігнасіа Ібанес і генеральны дырэктар Сусветнай турысцкай арганізацыі Талеб Рыфаі.

Галоўнымі задачамі беларускай дыпмісіі ў Іспаніі стане актывізацыя гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, пашырэнне міжкультурнага дыялогу і супрацоўніцтва ў іншых гуманітарных сферах.

У рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да інаўгурацыі дыпламатычнай прысутнасці Беларусі ў Іспаніі, дэлегацыя дэпартамента энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Беларусі і шэрагу беларускіх прадпрыемстваў правяла перамовы з урадавымі структурамі Іспаніі і іспанскімі прадпрыемствамі па пытаннях развіцця супрацоўніцтва ў сферах энергаэфектыўнасці і энергазберажэння. Дасягнутыя дамоўленасці аб распрацоўцы сумесных інвестыцыйных праектаў на тэрыторыі Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?