Жыхар Дрыбіна запатрабаваў зняць чырвоную зорку з гарадской каляднай ёлкі, аднак улады Дрыбінскага раёна не бачаць палітычнай падаплёкі ў размяшчэнні такой зоркі.

Ілюстрацыйнае фота: govorim.by

«На галоўнай ёлцы Дрыбіна ўмацаваная не калядная зорка, а чырвоная, савецкая. Пад гэтай зоркай былі закатаваныя тысячы святароў і разбураныя тысячы храмаў у савецкі час. Да таго ж гэта блюзнерства ў адносінах да светлай памяці мільёнаў нявінных ахвяр камунізму. Як грамадзянін Рэспублікі Беларусь патрабую прыняць меры па выпраўленні гэтага дзікунства ў нашай шматпакутнай дзяржаве на падпарадкаваных вам землях», — гаворыцца ў звароце Андрэя Юркова да старшыні Дрыбінскага райвыканкама Дзмітрыя Васілеўскага, які аўтар размясціў на сваёй старонцы ў Facebook.

Чырвоная зорка з гарадской ёлкі ў Дрыбіне прыбраная не будзе, нягледзячы на зварот Юркова, заявіла БелаПАН начальнік раённага аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Алена Рабкавец. «Я паглядзела вельмі шмат літаратуры. Напрыклад, пяціканцовай чырвонай зоркай ўпрыгожвалі ёлкі ў Віфлееме, там, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос. Гэта па-першае. Па-другое, зорка ў нас служыць упрыгожаннем і ніякай палітычнай падаплёкі не мае. Па-трэцяе, я паглядзела кучу матэрыялаў з розных абласных, раённых цэнтраў, дзе ёсць такія зоркі», — сказала галоўны раённы ідэолаг. Яна адзначыла, што ў Дрыбіне наогул ўпершыню ўстаноўленая гарадская ёлка — «сучасная, прыгожая».

«Мне падабаецца, і я звязваю ёлку, як, напрыклад, пакаленне маіх аднагодкаў, менавіта з чырвонай зоркай», — заявіла чыноўніца. Разам з тым Рабкавец паабяцала, што райвыканкам прыме ад Юркова ў якасці спонсарскай дапамогі тую зорку, якую ён хацеў бы бачыць на каляднай ёлцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?