Рашэнне пра фінансаванне тэлеканала «Белсат» пакуль не прынятае, паведамілі БелаПАН у Міністэрстве замежных спраў Польшчы.

«У адказ на ваша пытанне паведамляем, што рашэнне адносна фінансавання тэлеканала «Белсат» яшчэ не прынятае», — заявілі ў прэс-службе МЗС у адказ на просьбу БелаПАН пракаментаваць будучыню тэлеканала.

Пра тое, што МЗС Польшчы скарачае на дзве траціны фінансаванне «Белсата», і пра магчымы перавод тэлеканала на рускамоўнае вяшчанне паведаміла 15 снежня польскаму выданню Wpolityce дырэктар «Белсата» Агнешка Рамашэўская-Гузы.

У Беларусі гэтая інфармацыя выклікала вялікі рэзананс. Актывісты дэмсіл ужо абвясцілі пра намер арганізаваць кампанію ў падтрымку «Белсата».

#белсатжыві: у сацсетках пачалася кампанія зваротаў да ўрада Польшчы. Але гучаць і процілеглыя галасы

Падчас візіту ў Мінск у маі гэтага года дырэктар «Белсата» распавяла БелаПАН, што тэлеканал ужо страціў больш за чвэрць агульнага аб'ёму фінансавання. «Мы страцілі фінансаванне з Заходняй Еўропы. У нас было шведскае, нарвежскае, канадскае фінансаванне, цяпер гэтага няма. Фінансаванне «Белсата» выключна польскае», — адзначыла Рамашэўска-Гузы.

Пры гэтым яна заўважыла, што забяспечваць поўны цыкл працы канала за сродкі беларускіх грамадзян наўрад ці магчыма, бо «збіраць з году ў год такое велізарнае фінансаванне вельмі складана».

Спадарожнікавы тэлеканал «Белсат» вяшчае на Беларусь з 10 снежня 2007 года. Ён створаны як структурнае падраздзяленне Польскага тэлебачання, рэдакцыя «Белсата» размяшчаецца ў Варшаве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0