Паўночная Карэя наблізілася да распрацоўкі паўнавартасных міжкантынентальных балістычных ракет (МБР), якія могуць мець атамныя баегалоўкі, распавёў высокапастаўлены прадстаўнік Пентагона парталу defensetech.org.

Раней Мінабароны ЗША заяўляла пра распрацоўку МБР у КНДР, аднак паўночным карэйцам яшчэ трэба вырашыць праблему зваротнага ўваходжання ракеты ў шчыльныя слаі атмасферы, кажа ўрадовец.

«Гэтая пагроза не дае мне спаць па начах», — адзначыў ён.

На мінулым тыдні былы камандуючы войскамі ЗША ў Паўднёвай Карэі сказаў, што абраны прэзідэнт Дональд Трамп, магчыма, будзе вымушаны распрацаваць план прэвентыўных удараў па КНДР.

«Я не думаю, што якія-небудзь перамовы ці дыпламатыя пераканаюць Кім Чэн Ына ў неабходнасці пераменаў», — сказаў генерал Сухапутных войск у адстаўцы Вальтэр Шарп.

Калі КНДР прывядзе ў гатоўнасць дальнабойную ракету, а ЗША не будуць перакананыя ў тым, чым яна ўзброеная (ці можа нясе касмічны спадарожнік), то такая ракета павінна быць знішчаная, сказаў Шарп. 

Па ягоным меркаванні, якое прагучала раней сёлета, камуністычная краіна ў бліжэйшыя гады можа сутыкнуцца з моцнай унутранай нестабільнасцю, а кіраўніцтва можа паспрабаваць кампенсаваць цяжкасці ва ўнутранай палітыцы знешнепалітычнымі авантурамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?