Фота Змітра Брушко.

Фота Змітра Брушко.

«Паважаная ліцэйская супольнасць, са шкадаваннем і прыкрасцю мушу растлумачыць, што ж сталася з нашай вярбой, — піша ў лісце, апублікаваным у фэйсбуку Ліцэя БДУ яго дырэктар Макар Шніп. — На пачатку навучальнага году падчас агляду раслін на тэрыторыі Ліцэя эколаг паведаміла нам, што вярба знаходзіцца ў вельмі небяспечным становішчы.

Мы не зусім паверылі гэтаму, таму звярнуліся па прафесійную экспертызу ў Інстытут эксперыментальный батанікі Акадэміі навук. Праведзеная яго супрацоўнікамі экспертыза пацвердзіла нашы хваляванні.

Згодна з вынікамі даследавання, таўшчыня здаровай часткі драўніны ў аснове ствала склала ад 5 да 8 см, у той час як павінна быць у любой кропцы перыметра не менш 1/6 (20 см) ад дыяметра ствала. Драўніна аказалася пашкоджаная дрэваруйнуючым грыбам (Б’еркандэра дымчатая), які выклікаў шырокае ствалавое гніллё.

Спецыялісты Інстытута эксперыментальнай батанікі найстойліва раілі не гуляцца з лёсам і думаць аб выдаленні дрэва. Каб канчаткова ўпэўніцца ў безвыходнасці, мы звярнуліся да супрацоўнікаў Батанічнага сада — ці магчыма спрабаваць вылечыць дрэва? На жаль, іх адказ быў адмоўны — такое старое дрэва з вялікімі пашкоджаннямі выратаваць не ўдасца.

У такіх умовах, калі любімае і шанаванае многімі выпускамі дрэва стала ўяўляць пагрозу для сённяшняга Ліцэя, выйсце і рашэнне для мяне было адно — вельмі цяжкае і прыкрае…

Усё жывое нараджаецца і памірае. І нараджаецца ізноў. На месцы вярбы будзе іншае дрэва. Калі і якое — будзем вырашаць з ліцэістамі і спецыялістамі-батанікамі разам. І, мне здаецца, будучыя пакаленні ліцэістаў пабудуюць сваю міфалогію вакол свайго дрэва. Сімвалы Ліцэя не знікнуць, пакуль не знікне ліцэйская салідарнасць і узаемападтрымка», — піша дырэктар Ліцэя Макар Шніп.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0