20 снежня будзе сто дзён ад моманту абрання прадстаўніцы АГП Ганны Канапацкай у парламент. З гэтай нагоды яна падвяла вынікі сваёй працы за згаданы перыяд.

Дэпутатка адзначыла, што прыярытэтнымі накірункамі ў яе працы з’яўляюцца пакет эканамічных рэформаў, а таксама змены выбарчага заканадаўства. «Адносна выбарчага заканадаўства маем тры канкрэтныя прапановы. 1. Скарачэнне тэрміну датэрміновага галасавання. 2. Ва ўчастковых выбарчых камісіях павінны прысутнічаць прадстаўнікі кандыдатаў. 3. Адкрыты падлік галасоў», — гаворыць Ганна Канапацкая.

Што адносна эканамічных прапановаў, то ўжо распрацаваная прапанова, каб прыбраць з Крымінальнага кодэкса артыкул «Ілжэпрадпрымальніцтва». «Прапанова ўжо знаходзіцца ў профільнай камісіі Палаты прадстаўнікоў».

За гэты час Канапацкая ўжо правяла чатыры сустрэчы з выбарцамі. Тры прайшлі ў Мінску, а яшчэ адна ў пасёлку Сокал. Цяпер яна мае на мэце стварыць гэтак званую грамадскую прыёмную, у якую маглі б звяртацца не толькі яе выбарцы, але і людзі з усёй краіны.

«Некаторыя калегі па Палаце прадстаўнікоў выступілі з рэзкай крытыкай маіх выказванняў адносна працы парламента». Ганна Канапацкая падчас паездкі ў Магілёў параўнала працу парламента з «балотам».

«Гэта былі рэзкія, не самыя прыгожыя словы, але я ў той дзень пачула столькі негатыву адносна працы парламента ад простых людзей. Я не хацела абразіць сваіх калег асабіста, сярод якіх шмат прафесіяналаў, людзей, якія рэалізаваліся ў жыцці».

«Апраўдвацца Канапацкая не мусіць», — упэўнены лідар АГП Анатоль Лябедзька.

З гэтай нагоды на партыйным сайце АГП з’явілася палітычная платформа Ганны Канапацкай.

«Безумоўна, у парламенце ёсць і тыя, хто мяне падтрымлівае. Адзін калега сказаў, навошта такое выказванне пра балота, нам жа яшчэ гаць праз яго пракладваць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?