Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Віталь Рымашэўскі заклікаў прадстаўнікоў дэмсіл — партый, НДА, незалежных СМІ — стварыць кааліцыю для абароны дэмакратыі ў Беларусі. Такую прапанову палітык зрабіў 19 снежня ў Мінску падчас круглага стала ў абарону тэлеканала «Белсат».

Паводле слоў Рымашэўскага, сітуацыя з «Белсатам» — яскравы прыклад «той тэндэнцыі, якая вызначылася сёння ў вялікай частцы заходняга палітычнага эстэблішменту ў дачыненні да Беларусі і дэмакратыі ў цэлым». «Мы знаходзімся ў вельмі небяспечным становішчы, калі палітыка дэмакратычных краін свету мяняецца з канцэпцыі ўсеагульнага адстойвання дэмакратыі і правоў чалавека на ўзровень міжнароднай палітыкі пяцідзесяці- або сямідзесяцігадовай даўнасці», — сказаў ён.

«Відаць, што сёння частка палітыкаў у Еўрасаюзе і ЗША разглядаюць варыянт пераходу да палітыкі, якая прадугледжвае поўнафарматныя адносіны з аўтарытарнымі, дыктатарскімі рэжымамі ў абмен на стабільнасць і гарантыі захавання міру, асабліва на межах ЕС, калі казаць пра Беларусь», — дадаў Рымашэўскі.

На яго думку, перад абліччам пагрозы знаходзіцца «не толькі «Белсат», але і ўсе дэмакратычныя СМІ, і ўсю грамадзянскую супольнасць Беларусі, якая ўзнікла за апошнія 25 гадоў. «Белсат» абараняць трэба, перакананы палітык, але эфектыўнасці можна дасягнуць «толькі шляхам аб'яднання, дасягнення кансенсусу ўсіх сіл у Беларусі для абароны дэмакратыі ў краіне».

«Можна сказаць, што мы ўсе — і беларускія журналісты, і палітыкі, і НДА — загуляліся ў дэмакратыю, падзяляючы сябе на сектары. Варта было б арганізаваць міжсектаравы дыялог, у які былі б залучаныя прадстаўнікі палітычнай апазіцыі, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і незалежныя журналісты для абароны дэмакратыі ў Беларусі. Трэба ўжо сёння рабіць крокі для стварэння такой кааліцыі за дэмакратыю ў Беларусі. Такім чынам мы маглі б падтрымліваць адзін аднаго, каб наша палітыка, праца ўнутры і за межамі Беларусі была больш эфектыўнай», — лічыць сустаршыня аргкамітэта партыі БХД.

Ён заклікаў кіраўнікоў усіх палітычных кааліцый, асобных партый, Беларускай асацыяцыі журналістаў, форуму грамадзянскай супольнасці, Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый «неадкладна разгледзець магчымасць правесці такую каардынацыйную работу па стварэнні кааліцыі».

«Абараняючы «Белсат», мы павінны разумець, што абараняць трэба ўсю грамадзянскую супольнасць Беларусі ад пагроз новай палітыкі дэмакратычных краін і новай — беларускіх уладаў. Гэтая палітыка прыстасавальная, аўтарытарная і не дэмакратычная, але яна ўлічвае ўсе знешнія абставіны і добра імі карыстаецца», — падкрэсліў Рымашэўскі.

Пра тое, што МЗС Польшчы мае намер скараціць на дзве траціны фінансаванне «Белсата», і пра магчымы перавод тэлеканала на рускамоўнае вяшчанне стала вядома 15 снежня ад дырэктара «Белсата» Агнешкі Рамашэўскай-Гузы. Навіна выклікала шырокі грамадскі рэзананс у Беларусі. МЗС Польшчы заявіўла, што рашэнне аб фінансаванні «Белсата» пакуль не прынятае.

Спадарожнікавы тэлеканал «Белсат» вяшчае на Беларусь з 10 снежня 2007 года. Ён створаны як структурнае падраздзяленне Польскага тэлебачання, рэдакцыя «Белсата» размяшчаецца ў Варшаве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?