18 ліпеня а 18-й гадзіне менскага часу «Белсат» афіцыйна распачне трансьляцыю на спадарожніку «Сірыюс-4». У той жа дзень адбудзецца наўпроставы эфір з фэстывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча».

Сёлета, 19 ліпеня, упершыню ў гісторыі — у наўпроставым эфіры «Белсату» канцэрт ляўрэатаў «Басовішча-2008», а таксама госьця «Басоў» — гурта «Нэйра Дзюбель».

Тэставая трансьляцыя першага незалежнага беларускага спадарожнікавага тэлеканалу пачалася 9 ліпеня. Пашыраючы трансьляцыю на «Сірыюс», «Белсат» застаецца на спадарожніку «Астра».

Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, праведзеных напрыканцы 2006 г., больш за палову спадарожнікавых антэнаў у Беларусі скіраваныя на «Сірыюс». Трансьляцыя на найбольш папулярны ў Беларусі спадарожнік дае магчымасьць доступу да праграмаў «Белсату» максымальнай колькасьці беларусаў.

У сувязі з пачаткам працы на «Сірыюсе» з 18 ліпеня адбудзецца зьмена ў праграме «Белсату». Замест сёньняшняга 3-гадзіннага блёку, які паўтараецца адзін раз, перадачы «Белсату» будуць выходзіць у адным 6-гадзінным блёку з 18:00 да 24:10. Такая формула дазволіць дапасаваць перадачы «Белсату» да патрабаваньняў беларускіх гледачоў і ўзбагаціць праграму каналу.

Штодня з панядзелка да суботы пасьля галоўнага блёку навінаў (перадача «Аб’ектыў»), якія з 1 ліпеня выходзяць са студыі ў наўпроставым эфіры, прыкладна а 21:10 у эфіры будзе адна з найлепшых публіцыстычных праграмаў каналу (сярод іх — «Рэпартаж з Беларусі», «Госьць «Белсату», «Кішэня», «Рэпарцёр», «YoLife!», «Маю права», «Хто ёсьць кім?») або дакумэнтальны фільм на гістарычную тэматыку ці з расповедам пра тыя бакі жыцьцё Беларусі, пра якія немагчыма даведацца з іншых тэлеканалаў.

Асаблівую ўвагу заслугоўваюць дзьве публіцыстычныя перадачы. У суботу — «Тыдзень з радыё «Свабода», падрыхтаваны журналістамі беларускай службы радыё «Свабода». Прэм’ера перадачы плянуецца напрыканцы жніўня. А ў нядзелю традыцыйна — тэмы, якія датычаць большасьці з нас, у ток-шоу «Форум» з Эдуардам Мельнікавым.

Адначасова са зьменаю ў праграме, у эфір пачнуць выходзіць дзьве перадачы тэлеканалу «Нямецкая хваля» (Deutsche Welle): European Journal — тэлечасопіс з актуальнымі рэпартажамі з усёй Эўропы на палітычныя, сацыяльныя і эканамічныя тэмы, а таксама Euromaxx — перадача пра эўрапейскі стыль жыцьця, культуру і адпачынак.

У пятніцу, суботу і нядзелю на «Белсаце» — найлепшыя мастацкія фільмы і забаўляльныя перадачы, сярод якіх — «Жаўтуха» і «Кухня».

Дадатковая інфармацыя аб праграме будзе даступная на сайце тэлеканалу.

Парамэтры Белсата на Сірыюсе: пазыцыя 5° E , палярызацыя H , частата 12 379,6 МГЦ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?