Мінскі Камароўскі рынак з 24 снежня па 7 студзеня будзе праводзіць зніжкі, акцыі і дэгустацыі прадукцыі, паведаміў сёння на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме генеральны дырэктар прадпрыемства Мікалай Хмяльніцкі.

Мікалай Хмяльніцкі праінфармаваў, што 24 снежня на плошчы перад «Камароўкай» адбудзецца калядны кірмаш, дзе будзе арганізаваны продаж шырокага асартыменту спажывецкіх тавараў, сувеніраў, выпечкі, глінтвейну, ласункаў. Прадугледжана культурна-забаўляльная праграма.

Да канца снежня рынак будзе працаваць без выхадных, «Камароўка» адкрыта для пакупнікоў 19, 26 снежня, а таксама 2 студзеня з 9.00 да 19.00. 1 студзеня гандаль ажыццяўляцца не будзе. Асаблівую ўвагу ў пераднавагоднія дні адміністрацыя прадпрыемства і структурныя падраздзяленні Мінгарвыканкама ўдзеляць маніторынгу цэн з фотафіксацыяй, каб прадухіліць спекуляцыі прадпрымальнікаў.

«Такая работа дае станоўчы вынік. Як паказвае практыка, у перадсвяточныя дні ўдаецца захаваць стабільны ўзровень цэн», — адзначыў Мікалай Хмяльніцкі.

З 15 лістапада на «Камароўцы» арганізаваны гандаль навагодняй сувенірнай прадукцыяй, з 8 снежня працуе кірмаш па продажы штучных елак, з 20 снежня адкрыецца пляцоўка па рэалізацыі жывых елак і хвойных дрэў у кадцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?