Ліберальна-дэмакратычная партыя (ЛДП) Беларусі пачынае працу над законам аб беларускай нацыі. Пра гэта паведаміў першы намеснік старшыні ЛДП Алег Гайдукевіч, каментуючы сітуацыю вакол польскага тэлеканала «Белсат», які вяшчае на Беларусь.

Пра тое, што МЗС Польшчы мае намер скараціць на дзве траціны фінансаванне «Белсата», і пра магчымы перавод тэлеканала на рускамоўнае вяшчанне стала вядома 15 снежня ад дырэктара «Белсата» Агнешкі Рамашэўскай-Гузы. Навіна выклікала шырокі грамадскі рэзананс у Беларусі. Прадстаўнікі дэмсіл абвясцілі пра шырокую кампанію ў падтрымку «Белсата».

«Мы перакананыя, чым больш каналаў транслююцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, тым лепш для краіны, — гаворыцца ў каментары Алега Гайдукевіча, распаўсюджаным прэс-службай ЛДП. — Але я б хацеў паглядзець на гэтую сітуацыю з іншага боку. Значна важнейшы не лёс тэлеканала, а лёс тых журналістаў — грамадзян нашай краіны, якія працуюць там».

«Самае галоўнае — гэта стварыць у краіне такія ўмовы, каб кожны журналіст быў запатрабаваны і мог рэалізаваць сябе ў сваёй краіне, маючы годныя ўмовы аплаты і працы. Незалежна ад сваіх поглядаў і перакананняў. Гэта і ёсць дэмакратыя», — падкрэсліў першы намеснік старшыні ЛДП.

Каментуючы планы прадстаўнікоў апазіцыі правесці 20 снежня каля Адміністрацыі прэзідэнта ў Мінску акцыю ў падтрымку «Белсата», Алег Гайдукевіч заявіў: «Чаму няма мазгоў? Чаму трэба зачыняць адзін канал і падтрымліваць іншы, чаму не сказаць: чым больш каналаў, тым лепш? Мы павінны выступаць за развіццё тэлебачання, радыё, інтэрнэт-рэсурсаў».

«Мы павінны падтрымліваць усё беларускае — тэлебачанне, прамысловасць, прадукцыю, нашых людзей. Мы павінны гаварыць пра беларускую нацыю незалежна ад палітычных поглядаў, перакананняў і веравызнання. І вось таму ў тым ліку Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі пачынае працу над законам аб беларускай нацыі, які мы будзем прапаноўваць верхняй і ніжняй палатам парламента. Але пра гэта крыху пазней», — паведаміў Гайдукевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?