Хірургі паведамілі аб новым эфектыўным метадзе лячэння рака прастаты на пачатковай стадыі.
Гэты метад прадугледжвае выдаленне пухліны з дапамогай лазера, а таксама прыём спецыяльных лекаў, вырабленых на аснове глыбакаводных бактэрый.
Метад быў пратэставаны на 413 мужчынах, амаль у паловы з іх цалкам зніклі сляды рака. Высновы навукоўцаў апублікаваныя ў часопісе Lancet Oncology.
Пры гэтым новы від лячэння не выклікае пабочных эфектаў. Традыцыйныя метады — хірургія і прамянёвая тэрапія — часта прыводзяць да імпатэнцыі і нетрымання.
Таму часцяком мужчыны, у якіх дыягнастуюць рак на ранніх стадыях, аддаюць перавагу адкласці лячэнне і паглядзець, ці будзе пухліна агрэсіўна развівацца.
Новая методыка можа цалкам змяніць гэтую сітуацыю, упэўненыя медыкі.
У рамках новага спосабу лячэння выкарыстоўваецца прэпарат, створаны на аснове бактэрый, якія жывуць на марскім дне амаль у поўнай цемры.
Лазер накіроўваецца на пухліну, і, пры навядзенні на іх святла, бактэрыі актывізуюцца і забіваюць ракавыя клеткі, пакідаючы саму прастату здаровай.
Гэты від лячэння выкарыстоўваецца толькі на ранніх стадыях захворвання. Зараз ён тэстуецца ў Еўропе.