Федэрацыя футбола Беларусі і культурная пляцоўка «Арт-сядзіба» абвяшчаюць пра працяг прыёму заявак на творчы конкурс «Мова — Музыка — Футбол».

«Мы атрымалі вялікую колькасць лістоў ад музычных гуртоў з просьбай працягнуць дэдлайн прыёму заявак на конкурс і вырашылі пайсці гуртам насустрач», — кажуць арганізатары.

Свае музычныя кампазіцыі музыкі могуць дасылаць да 1 студзеня 2017 году на e-mail: [email protected]

Таксама сталі вядомыя імёны сяброў журы, якія будуць ацэньваць удзельнікаў конкурсу.

Арцём Быкаў — футбаліст клуба «Дынама Мінск», неаднаразовы прызёр чэмпіянатаў Беларусі па футболе.

Дзмітрый Герчыкаў — намеснік старшыні дэпартамента маркетынгу і камунікацый АБФФ, спартыўны каментатар.

Кірыл Клімянкоў — журналіст, рэдактар партала sport.tut.by.

Алесь-Францішак Мышкевіч — музыка гуртоў The Superbullz і «Крамбамбуля».

Арцём Лук’яненка — удзельнік гурту NAVI, суаўтар афіцыйнага саўндтрэка нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе.

«Мы не абмяжоўваем удзельнікаў конкурсу ў музычных стылях і фарматах, ім даецца поўная свабода творчасці і праяўлення музычна-паэтычных талентаў. Усё, што аб’ядноўвае беларускую мову, беларускі футбол і беларускую музыку: спачатку збіраем, пасля слухаем і спяваем разам!

Чакаем песні па-беларуску з патрыятычным зместам, якія падымаюць дух, якія могуць гучаць на стадыёнах падчас футбольных матчаў»,

— кажуць арганізатары.

Праект будзе доўжыцца да вясны 2017 года і будзе складацца з шасці этапаў.

Першы і асноўны этап — гэта музычны конкурс, на які да 1 снежня прымаюцца песні на беларускай мове адпаведна тэмам:

— футбол і заўзятарства ў самым шырокім сэнсе, актыўная падтрымка беларускай зборнай, клубных камандаў і наведванне фубольных матчаў,

— патрыятызм і любоў да Беларусі, гонар за яе спартыўныя дасягненні,

— спалучэнне беларускай мовы і спорту…

Наступныя этапы:

— запіс песень-фіналістаў на прафесійнай студыі;

— вызначэнне пераможцаў адмысловым складам журы, слухачамі ў сацыяльных сетках і на сайтах інфармацыйных партнёраў, на адборачных канцэртах у кафэ «Грай»;

— падрыхтоўка і выданне дыска-складанкі, здымкі кліпа;

— музычны фестываль з удзелам пераможцаў і фіналістаў конкурсу, прэзентацыяй песень і дыска, узнагароджваннем пераможцаў;

— распаўсюд песень у інтэрнэце, на радыё, у межах спартовых і культурных мерапрыемстваў Беларускай федэрацыі футбола і культурнай пляцоўкі «Арт-сядзіба».

Беларускамоўныя песні на конкурс з пазнакаю «Мова — Музыка — Футбол» прымаюцца ў фарматах аўдыё і відэа ў трох варыянтах:

— гатовыя студыйныя запісы (якасна запісаныя песні, што не патрабуюць перазапісу і дадатковай працы, якія раней публікаваліся ці не);

— дэма-запісы (часткова гатовыя запісы, якія патрабуюць дадатковай студыйнай працы);

— чарнавікі (песні запісаныя ў хатніх умовах ці на рэпетыцыі, канцэртныя запісы, відэазапісы з выкананнем песні).

Абавязкова пазначайце ў заяўцы разам з творам:

— назву выканаўцы ці гурту і кароткую інфармацыю пра іх,

— назву твора,

— імя аўтара і кампазітара,

— спасылкі на старонкі ў сацыяльных сетках,

— кантактныя дадзеныя (тэлефон, e-mail).

Пасля прыёму песень адбудзецца галасаванне, адбор фіналістаў і вызначэнне пераможцаў з выбываннем у некалькі этапаў: чвэрцьфіналы, паўфіналы і фінал. Балы будуць вылічвацца з улікам меркавання журы, вынікаў галасавання ў сацыяльных сетках, на адмысловых канцэртах у кавярні «Грай» і на сайтах АБФФ, «Арт-сядзібы» ды інфармацыйных партнёраў.

Па выніках будуць вызначаныя тры пераможцы:

1 месца — здымкі кліпа, студыйны запіс песні, выступленне на фінальным канцэрце праекту і на «Барысаў-Арэне» ў рамках аднаго з матчаў нацыянальнай зборнай Беларусі, ратацыя песні на радыё, футбольны мяч з аўтографамі зборнай,

2 месца — студыйны запіс, выступленне на фінальным канцэрце праекту і на «Барысаў-Арэне» ў рамках аднаго з матчаў нацыянальнай зборнай Беларусі, ратацыя песні на радыё,

3 месца — студыйны запіс, прафесійны вакальны мікрафон, выступленне на фінальным канцэрце праекту.

Таксама будуць вызначаныя пераможцы ў дадатковых намінацыях: «Глядацкія сімпатыі», «Лідары сацыяльных сетак», «Выбар генеральнага спонсара», «Песня стадыёна», «Выбар белакрылых».

Гэтыя пераможцы атрымаюць падарункі ад арганізатараў і партнёраў конкурсу: абанементы на хатнія гульні нацыянальнай футбольнай зборнай, атрыбутыку зборнай (майкі, рэплікі, шалікі), сувеніры і іншыя памятныя падарункі.

Усе ўдзельнікі конкурсу атрымаюць запрашальнікі на фінальны фестываль і музычны дыск «Мова — Музыка — Футбол» ад кампаніі «Планета Вігма» з творамі ўдзельнікаў конкурсу, а таксама песнямі, напісанымі раней у Беларусі, пра футбол і для футбола.

Падзеі ў сацыяльных сетках: «Укантакце», Facebook

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0