У Маладзечне 21 снежня пачаўся працэс па гучнай справе: 29 верасня на калгасным полі грузавік з бульбай наехаў на васьмікласніцу Віку Папчэню. 13-гадовая дзяўчына загінула на месцы.
На лаве падсудных кіроўца грузавіка — Павел Цыбін. Яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Цыбіну — 22 гады. Ён працуе кіроўцам у агракомплексе «Хоўхлава» са жніўня 2015 года. Жанаты, мае 1,5-гадовага сына.
Паўла не ўзялі пад варту — ён знаходзіцца на волі. На працэс ён прыйшоў з маці. Жанчына плакала, сам хлопец выглядаў вельмі нервова.
Пацярпелымі па справе праходзяць бацькі школьніцы.
Паводле версіі абвінавачвання, Цыбін меў магчымасць бачыць дзяцей і падчас руху «праявіў злачынную неахайнасць» і «не прыняў своечасовых мераў, каб спыніць транспартны сродак».

Сваю віну хлопец прызнаў цалкам.
Кіруе аўтамабілямі Цыбін з 2013 года. За гэты час у хлопца было некалькі парушэнняў ПДР — за тэхагляд і непрышпілены рамень.
28 верасня хлопца адправілі ў камандзіроўку на сельгаспрадпрыемства «Усход-Агра». На наступны дзень ён атрымаў загад ехаць на поле, дзе і здарылася бяда.
У той дзень хлопец паспеў зрабіць толькі адзін рэйс з бульбай, пасля вярнуўся на поле. Бульбу зноў загрузілі.
«Рабочыя злезлі, памочніца брыгадзіра сказала, што можна ехаць. Я пасігналіў і пачаў рух. Хуткасць была каля 10 км/г. Праехаць трэба было метраў з 80, — узгадвае Цыбін. — Я паехаў, глядзеў у люстэркі — побач з машынай нікога не бачыў. Потым развярнуўся, спыніўся — трэба было пагаварыць з іншым кіроўцам. І тут да мяне падбеглі, кажуць, што я чалавека пераехаў. Я пабег туды».
Затым Цыбін папрасіў прабачэння ў бацькоў загінулай:
«Мне з гэтым грузам усё жыццё хадзіць. Я разумею, што дзяўчынку не вернеш…»
Але ён прызнаў, што сапраўды мог не заўважыць дзяўчынку — пахмурнае надвор’е, цёмная вопратка, шмат людзей…
Бацькам загінулай Цыбін ужо сплаціў 1 тысячу рублёў:
«Гэта і мае грошы, і ў людзей пазычаў, і гаспадарка мая дапамагла».
Пасля пару пытанняў задаў суддзя Аляксей Іршын.
«Там быў нейкі загад — не таптаць бульбу?» — пацікавіўся суддзя.
Павел патлумачыў, што не мог развярнуцца ці праехаць наперад.
«Я сам з вёскі. Ведаю, што такое дзяржаўнае… Там паўсюль людзі разварочваліся па бульбе».
Ён так рабіць не хацеў, а спераду яшчэ збіралі бульбу. Таму і паехаў заднім ходам.
Выслухалі і маці загінулай — Юлію Папчэню.
Пра тое, што трэба ехаць на бульбу, дачка сказала маці за дзень. 29 верасня Віка выйшла з хаты і пайшла да сяброўкі, потым з ёй — на поле. А пасля тая ж сяброўка прынесла Юліі заплечнік Вікі і паведаміла, што здарылася.
Пасля трагедыі Цыбін не прыходзіў да Папчэняў.
«Яго я не бачыла. З яго калгаса прыходзілі дзве жанчыны. Прынеслі канверт, прасілі прабачэння. Я адказала: Бог выбачыць», — распавяла Юлія Папчэня.
Пракурор спытаў, як пакараць абвінавачанага.
«На меркаванне суда».
Пазоў аб кампенсацыі маральнай ці матэрыяльнай шкоды жанчына падаваць адмовілася.
Затым выступілі сведкі. Адзін з рабочых распавёў, што бачыў, як дзяўчынка набліжаецца да машыны, але яму нават не прыйшло ў галаву крыкнуць ёй штосьці: мужчына быў упэўнены, што школьніца спыніцца.
Выслухалі і настаўніц — французскай мовы і фізікі. Яны выкладалі ў школе нумар 11, дзе і вучылася загінулая Віка. Адна з іх таксама была на полі.
«Вельмі сумленна працавалі школьнікі. Мы нават вырашылі ўзнагародзіць іх граматамі на лінейцы», — узгадала Вольга Завадская, выкладчыца французскай.
Але ж, распавяла настаўніца, інструктаж па тэхніцы бяспекі ніхто не праводзіў. Нічога не казалі ні дарослым, ні дзецям.
Але ўсе ўзяліся за працу. Каля 13:00 уборка скончылася. Дзеці разышліся па полі — ім дазволілі набраць па вядры бульбы, каб узяць дамоў, а на полі хапала кепскай, зялёнай бульбы, таму трэба было пашукаць нармальнай. Падчас гэтага Віка і трапіла пад колы грузавіка.
Каментары