Выбух у сталіцы парадаксальным чынам зьняў важныя перашкоды на шляху да нармалізацыі адносінаў Беларусі з Захадам - Шэймана і боязь уладаў праляцець на свабодных выбарах.

Пытаньні аб тым, хто арганізаваў выбух у Менску і каму ён выгадны, пакінем за дужкамі. У палітычным кантэксьце, як гэта ні цынічна гучыць, больш істотна, як гэтыя выбухі выкарысталі ўлады.

Па-першае, з прынцыповай пасады зьняты Віктар Шэйман. Гэтая адыёзная фігура была істотнай перашкодай для нармалізацыі дачыненьняў з Захадам. Цяпер пытаньне "элегантна" зьнятае. Публічная крытыка ў бок Шэймана з вуснаў самога Лукашэнкі і аднаго з набліжаных да яго рэжымных палітыкаў (Чаргінца) сьведчыць пра тое, што прызначэньне Шэймана на іншую ўплывовую пасаду малаімавернае.

Па-другое, вымалёўваецца лінія на абвінавачваньне ў арганізацыі выбухаў "радыкальнай часткі беларускай нацыяналістычнай апазыцыі". Затрыманыя некалькі актывістаў. Іншых дэмаралізуюць ператрусамі і допытамі.

Па-трэцяе, БДІПЧ АБСЭ ў рэкордна раньні па беларускіх мерках тэрмін атрымлівае запрашэньне правесьці міжнароднае назіраньне за выбарамі. Адначасова падобных запрашэньняў, як абвешчана, не атрымаюць арганізацыі, сябром якіх Беларусь не зьяўляецца (Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы, Эўрапарлямэнт). Такім чынам, беларускія ўлады страхуюцца ад прыезду назіральнікаў, на пэрсанальны склад і мандат якіх яны нават у нязначнай ступені ня могуць уплываць.

У сукупнасьці гэтыя падзеі могуць сьведчыць аб намеры ўладаў паспрабаваць нармалізаваць дачыненьні з Захадам праз правядзеньне міжнародна прызнаных парлямэнцкіх выбараў і нэўтралізацыю часткі іншых раздражняльных фактараў (зьняцьцё Шэймана, вызваленьне – хоць і не даведзенае да канца – палітвязьняў і г.д.). Пры гэтым ісьці на прынцыповыя саступкі заходнім патрабаваньням улады ня маюць патрэбы. Нэўтралізаваўшы апазыцыю, улады змогуць дазволіць сабе большую канкурэнцыю на выбарах. Не забывайма, што гэта не прэзыдэнцкія выбары, дзе аслабленьне гаек можа прывесьці да ганебна нізкага адсотку галасоў за “гаранта Канстытуцыі". На парлямэнцкіх выбарах можна ахвяраваць і адсоткам прэстыжу. Электарат, агаломшаны выбухамі, будзе яшчэ менш схільны галасаваць за апазыцыю, і без таго скалечаную пракруставым ложкам абмежаваньняў. А міжнародныя назіральнікі будуць задаволеныя з касмэтычнай лібералізацыі ўмоваў вядзеньня кампаніі і працэдураў назіраньня ды праходжаньня ў "парлямэнт" пары-тройкі апазыцыянэраў – альбо ўжо падкантрольных уладзе, альбо тых, на каго ў "органаў" ёсьць кампрамат. Трэба мець на ўвазе, што высновы па выніках назіраньня грунтуюцца, перш за ўсё, на аб'ектыўнай, "тэхнічнай", ацэнцы адпаведнасьці выбараў шэрагу крытэраў, а ўжо потым на такую ацэнку накладаецца суб'ектыўная трактоўка. У выпадку, калі ў кіраўніцтве місіі назіральнікаў акажуцца ў меру ляяльныя да рэжыму людзі, ці (што больш важна) калі яны не зазнаюць прынцыповага ўплыву з заходніх сталіцаў, канчатковая ацэнка выбараў можа быць і дастаткова станоўчая для беларускіх уладаў.

У такі сцэнар выдатна ўпісваюцца нядаўняе "абяскроўліваньне" амэрыканскай амбасады як найбольш прынцыповай і найлепш падрыхтаванай для маніторынгу рэальнай сытуацыі і яе давядзеньня да ведама міжнародных назіральнікаў, разгортваньне кампаніі па дыскрэдытацыі апазыцыі як "агентаў Захаду", паглыбленьне канфліктаў унутры апазыцыі (у прыватнасьці, у БНФ – найбольш дзеяздольнай апазыцыйнай сіле), сьпешка ў прыняцьці новага закону аб СМІ і сыстэматычныя захады па перакрыцьці каналаў фінансаваньня дэмакратычных структураў. Згадайма тут і ўжо абвешчаныя крокі па лібералізацыі выбарчых працэдураў, і настойлівыя запэўненьні Лукашэнкі ў тым, што выбары пройдуць узорна, і запрашэньне ў Беларусь Папы.

Застаецца адкрытым пытаньне, ці такі сцэнар – калі ён, вядома, існуе – ужо ўзгоднены з заходнімі краінамі, ці ён ёсьць пэўнай "аднабаковай ініцыятывай", рэалізацыя якой, нават калі і не дасягне цалкам пастаўленых мэтаў, таксама і ня будзе здольная падарваць унутрыпалітычныя пазыцыі рэжыму.

Рэалізацыя сцэнару прызнаньня – няхай і абмежаванага, нават умоўнага – вынікаў выбараў Захадам можа прывесьці да ўмацаваньня ўлады Лукашэнкі і клану "маладых ваўкоў". Гэта забясьпечыць пэўнае ўзмацненьне пазыцыяў Беларусі ў дачыненьнях з Расеяй і, мажліва, створыць перадумовы для паўзучай лібералізацыі рэжыму ў аддаленай будучыні. Аднак рэалізацыя такога сцэнару не ліквідуе цалкам рызыку для незалежнасьці Беларусі, а таксама прывядзе да тармажэньня працэсаў нацыябудаўніцтва на дэмакратычным падмурку.

Нацыянальна-дэмакратычныя сілы мусяць ужо сёньня знайсьці адказ на пытаньне, што і як павінна быць зроблена, каб прадухіліць рэалізацыю такога сцэнару і навязаць уладам – і Захаду – свае падыходы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?