Амерыканскія беспілотнікі коштам на мільёны даляраў аказаліся неэфектыўнымі.

Пра гэта заявіў дарадца начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны Натан Хазін, піша агенцтва Ройтэрз.

72 аналагавыя міні-беспілотнікі Raven RQ-11B, перададзеныя ўкраінскай арміі гэтым летам, так расчаравалі, што Хазін заявіў, што, калі б ягоная воля, ён бы іх адправіў назад у Амерыку.

«Ад самага пачатку рашэнне выкарыстоўваць гэтыя беспілотнікі было памылковым», — сказаў ён.

Баевікі аказаліся здольныя перахопліваць або глушыць іх.

«Комплексы з'яўляюцца аналагавымі, таму каналы і дадзеныя з'яўляюцца неабароненымі ад перахопу і глушэння сучаснымі сродкамі радыёэлектроннай барацьбы», — сказаў Хазін.

Ён дадаў, што яны таксама дазваляюць суперніку вылічваць украінскія пазіцыі, у іх кароткі тэрмін работы ад батарэі, і яны не здольныя выконваць сваю асноўную задачу — разведку артылерыйскіх пазіцый праціўніка.

Рашэнне аб пастаўках амерыканскіх дронаў ва Украіну доўга ўзгаднялася ў Вашынгтоне. Урэшце 38 украінскіх вайскоўцаў тры месяцы праходзілі навучанне карыстацца імі ў штаце Алабама.

Армія ЗША да гэтага часу выкарыстоўвае гэтыя беспілотнікі — праўда, мадэрнізаваныя да лічбавай версіі.

Гэтыя дроны вырабляюцца кампаніяй AeroVironment. Расійскія сілы аказаліся тэхнічна лепш падрыхтаванымі, чым меркавалі амерыканцы.

У выніку таго, што амерыканскія дроны не спрацоўваюць, украінцы вымушаныя працягваць самастойна збіраць беспілотнікі з кампанентаў, якія яны закупляюць у Аўстраліі, Чэхіі і Кітаі. Такія ўласнаручна зробленыя дроны абыходзяцца Украіне ў 20—25 тысяч даляраў, сказаў Хазін, прычым яны аказваюцца больш апгрэйджаныя, чым амерыканскія дроны коштам 160 тысяч за штуку, якія Украіна атрымлівае ў рамках праграмы вайсковай дапамогі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?