Максім Пякарскі, Вячаслаў Касінераў і Вадзім Жаромскі — трое графіцістаў, якіх летам 2015 года жорстка затрымала міліцыя.

Злева направа: Вадзім Жаромскі, Вячаслаў Касінераў, Максім Пякарскі

Злева направа: Вадзім Жаромскі, Вячаслаў Касінераў, Максім Пякарскі

Прычынай стала запэцкванне фарбай білбордаў і маляванне графіці «Беларусь мае быць беларускай». Касінераву пры затрыманні зламалі сківіцу (у крымінальнай справе ў дачыненні да супрацоўніка САХР хлопцу пазней адмовілі). Максім Пякарскі каля 20 дзён правёў за кратамі.

Неўзабаве пасля іх затрымання на сайце Следчага камітэта з’явіўся вось гэты артыкул.

Хлопцы палічылі артыкул абразлівым і падалі пазоў у суд. Яны хочуць, каб артыкул знялі і апублікавалі на сайце Следчага камітэта афіцыйнае абвяржэнне.

Пасяджэнне вёў суддзя Аляксандр Кочык. Ад Следчага камітэта прысутнічалі начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю цэнтральнага апарата СК Сяргей Кабаковіч і галоўны інспектар упраўлення прававога забеспячэння цэнтральнага апарата СК Дар'я Парамонава.

«Нягледзячы на тое, што нашы імёны не ўказваліся, з паведамлення было відавочна, пра якіх асоб ідзе гаворка. Гэты факт пацвярджаецца таксама той акалічнасцю, што пасля размяшчэння артыкула на сайце СК дадзеная навіна была скапіяваная рознымі навіновымі сайтамі са спасылкамі на СК і з указаннямі нашых імёнаў. Зыходзячы з адказаў СК на нашы скаргі, гэты дзяржаўны орган таксама не адмаўляў, што навіна на афіцыйным сайце асвятляла абставіны крымінальнай справы ў дачыненні да нас», — гаворыцца ў позве хлопцаў.

Суд не прызнаў іх хуліганамі, адзначаюць хлопцы, але яшчэ да суда іх так называлі ў артыкуле Следчага камітэта. Таксама ў артыкуле сцвярджаецца, што ў фігурантаў справы быў знойдзены траўматычны пісталет.

«Траўматычная зброя забароненая ў Беларусі. У мяне знайшлі звычайную дазволеную пнеўматыку, якую потым і вярнулі», — адзначыў Вадзім Жаромскі.

«Таксама ў артыкуле веласіпедную маску чамусьці назвалі «маскай для прыстрашэння». Гэта цалкам хлуслівая частка ў тым тэксце», — сказаў Вячаслаў Касінераў. 

Вячаслаў Касінераў.

Вячаслаў Касінераў.

 Следчы камітэт патрабаванні позвы не прызнаў.

«У артыкуле не ўказаныя персанальныя дадзеныя, па якіх можна ідэнтыфікаваць пазоўнікаў», — патлумачыла Дар’я Парамонава.

«Але ці можна без рашэння суда называць кагосьці хуліганам?», — спытаў у яе Жаромскі.

«Гэта што, прававы лікбез?», — спытала Парамонава.

«Так», — адказаў Жаромскі.

Парамонава папрасіла зняць пытанне. Суддзя адмовіў.

«Тое, што асобы затрыманы па дадзеным артыкуле, значыць, што іх дзеянні кваліфікаваныя як хуліганства», — адказала Парамонава.

Асноўны працэс па справе пачнецца 13 студзеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?