Унук савецкага правадыра Іосіфа Сталіна Яўген Джугашвілі памёр сёння на адной з вуліц Масквы. Мінакі выклікалі хуткую, але выратаваць унука Сталіна не ўдалося. Медыкі толькі канстатавалі смерць.

— Яўген Джугашвілі памёр на паўночным усходзе Масквы. Яго знайшлі каля дома на вуліцы беспрытомным, — распавяла крыніца.

Прычына смерці 80-гадовага пенсіянера будзе высветленая пазней.

Яўген Якаўлевіч Джугашвілі нарадзіўся 10 студзеня 1936 года ва Урупінску. Кандыдат гістарычных навук, кандыдат ваенных навук, прафесар. З 2001 года ён узначальваў Новую камуністычную партыю Грузіі. Грамадзянін і Расіі, і Грузіі.

Яўген Джугашвілі ў 1990 годзе выканаў ролю свайго бацькі ў фільме «Якаў, сын Сталіна».

Бацькі нябожчыка, Якаў Сталін і Вольга Голышава, пазнаёміліся, калі маці прыехала ў Маскву з Урупінска паступаць у авіятэхнікум. Але шлюб распаўся яшчэ да вяселля. Голышава з'ехала ва Урупінск і 10 студзеня 1936 года ў яе нарадзіўся сын Яўген. Якаў ва Урупінск не прыехаў, і хлопчык спачатку насіў прозвішча Голышаў, але праз два гады Якаў звярнуўся ва Урупінскі райкам партыі, і Вользе Голышавай выдалі новае пасведчанне аб нараджэнні сына — ён стаў Яўгенам Якаўлевічам Джугашвілі.

Аднак дачка Якава ад другой жонкі Галіна Якаўлеўна Джугашвілі аспрэчвала гэтую версію, не лічачы Яўгена сваім братам: «У мяне няма падстаў лічыць гэтага чалавека братам… Мама мне расказвала, што аднойчы ёй у рукі патрапіў ліст ад нейкай жанчыны з Урупінска. Яна паведамляла, што нарадзіла сына і што дзіця гэтае ад таты. Мама баялася, што гэтая гісторыя дойдзе да свёкра, і вырашыла гэтай жанчыне дапамагчы. Яна стала дасылаць ёй грошы на дзіця. Калі бацька выпадкова пра гэта даведаўся, ён раззлаваўся, крычаў, што ніякага сына ў яго няма і быць не можа. Імаверна, гэтыя паштовыя пераводы ад мамы і былі расцэненыя ЗАГСам як аліменты. Такім чынам Яўген і атрымаў наша прозвішча».

Якаў Сталін загінуў падчас вайны ў нямецкім палоне.

Існуе версія, што пасля бітвы пад Сталінградам нямецкае камандаванне хацела абмяняць Якава на фельдмаршала Паўлюса, узятага Чырвонай Арміяй у палон, і Сталін адказаў на гэта: «Я салдата на фельдмаршала не мяняю!», аднак дакументальнага пацвярджэння гэтаму не знойдзена.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0