У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь з 1 студзеня 2017 года ўстаноўлены новыя адзіныя стаўкі консульскіх збораў за выдачу ўязных віз, паведамляе Міністэрства замежных спраў.

За выдачу індывідуальнай візы, незалежна ад колькасці ўездаў, консульскі збор складзе 60 еўра, за выдачу групавой візы — 10 еўра з чалавека.

Пры гэтым, падкрэсліваюць у МЗС, у дачыненні да грамадзян і жыхароў з асаблівым статусам Латвіі, Літвы, Польшчы, Эстоніі, Японіі і Сербіі, як і раней, устаноўлены iншыя стаўкі консульскіх збораў.

У прыватнасці, грамадзяне Японіі і Сербіі ў адпаведнасці з двухбаковымі пагадненнямі вызваляюцца ад выплаты консульскіх збораў.

Грамадзяне Польшчы і краін Прыбалтыкі, як і раней, аплачваюць консульскія зборы па зніжаных тарыфах.

Падрабязная інфармацыя будзе размешчана на сайце Міністэрства замежных спраў у раздзеле «Візы і консульскія пытанні» напярэдадні ўваходжання ў сілу новых ставак консульскіх збораў.

«Гэта рашэнне беларускага боку з'яўляецца чарговым захадам, накіраваным на аблягчэнне для замежных грамадзян магчымасці наведаць Рэспубліку Беларусь, а таксама на развіццё міжасобасных, дзелавых і культурных кантактаў, стымуляванне ўязнога турызму», — гаворыцца ў паведамленні МЗС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0