На сайце «Комсомольской правды в Белорусии» зьявілася інфармацыя пра тое, што сёньня каля Інстытута гісторыі НАН зьявіўся фотаробат нібыта падазраванага ў зьдзяйсьненьні выбуху ў ноч з 3 на 4 ліпеня.
Прэс‑сакратар ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі паведаміў, што ніякага распараджэньня абнародаваць фотаробаты не было.
«Я ня бачыў гэты фотаробат, але ўпэўнены, што гэта ілжывы выцек інфармацыі. За такія жарты зламысьніку пагражае крымінальная адказнасьць» — заявіў прэс‑сакратар.
Тым часам, нясьвіская актывістка незарэгістраванага «Маладога фронту» Наста Азарка кажа, што фотаробат, які ёй паказвалі на днях супрацоўнікі мясцовага КДБ вельмі падобны на выяву, што сёньня зьявілася на вуліцах Менску.