Падрыхтоўчы пэрыяд да здымкаў новага мультфільму «Беларускія прымаўкі» завяршыўся на кінастудыі «Беларусьфільм».

Сюжэтамі мультыплікацыйнай стужкі зьяўляюцца беларускія прыказкі і прымаўкі. У новым мультфільме восем сюжэтаў. Сцэнарыст і рэжысэр мультфільму — Міхал Тумеля.

Ужо гатовыя рэжысёрскі сцэнар, стылёвыя эскізы, эскізы пэрсанажаў. Здымкі мультфільму пройдуць да лістападу.

Тымчасам, на кінастудыі скончана трэцяя частка праекту «Аповесьць мінулых гадоў». Гэта працяг цыклю мікрамэтражных анімацыйных фільмаў пра паходжаньне і сымболіку гербаў беларускіх гарадоў.

Мастацкім кіраўніком праекту зьяўляецца Ігар Волчак.

У новую мультыплікацыйную стужку ўваходзяць фільмы пра гербы Полацку, Шклова, Мазыра, Чэрвеня, Пружанаў і Наваградка — па адным горадзе на кожную вобласьць краіны.

«Шэсьць старажытных беларускіх гарадоў маюць шматвяковую гісторыю, у геральдыцы іх гербаў адлюстраваная самая разнастайная тэматыка» — піша сайт кінастудыі . «Гэта дазваляе адлюстраваць у сюжэтах ня толькі гістарычныя падзеі, але і гаспадарчую дзейнасьць жыхароў гэтых гарадоў, распавесьці пра старажытныя рамёствы, якімі займаліся нашыя продкі».

АТ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0