Пра гэта паведаміла намеснік міністра аховы здароўя, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Валянціна Качан 10 ліпеня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.

Адпаведнае распараджэнне рыхтуецца на ўзроўні абласных выканаўчых камітэтаў.

Дакумент прадугледжвае прывядзенне калодзежаў у належны санітарна‑тэхнічны стан. У выпадках неабходнасці — там, дзе вада недабраякасная, — павінен быць арганізаваны падвоз чыстай вады для піцця. Акрамя таго, плануецца пашырыць прымяненне бутыліраванай вады ў дзіцячых калектывах.

«Усё, што тычыцца пітной вады, — гэта сапраўды праблема вельмі складаная ў нас у краіне», — заявіла намеснік міністра. Паводле яе слоў, у сувязі з актыўнай сельскагаспадарчай дзейнасцю вада ў калодзежах часта ўтрымлівае павышаны ўзровень нітратаў, якія садзейнічаюць развіццю анкалагічных захворванняў. «Улічваючы, што ў нас назіраецца рост анкалагічных захворванняў у краіне, неабходна шукаць шляхі вырашэння праблемы», — зазначыла В.Качан.

Вельмі шмат залежыць ад саміх людзей, іх жадання весці здаровы лад жыцця, лічыць намеснік міністра. На яе думку, пры цяперашнім узроўні эканамічнага развіцця грамадзяне могуць дазволіць сабе купляць бутыліраваную ваду для піцця. У той жа час, зазначыла Валянціна Качан, «варта шукаць, як зрабіць бутыліраваную ваду больш таннай».

Анастасія Янушэўская, БелаПАН

Глядзі яшчэ:
Загінула немаўля. Прычына - нітраты ў калодзежы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0