Брытанскім домаўладальнікам прапануецца ўсталёўваць на будынках сонечныя батарэі і паветраныя турбіны. Дзяржава выдаткоўвае на гэта грошы.

Так праводзіцца амбітная экалягічная стратэгія, мэта якой — абараніць каралеўства ад паліўнай залежнасьці.

Стратэгія была прэзэнтавана на гэтым тыдні. Яе бюджэт — каля 100 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў (прыблізна 200 млрд даляраў). Гэтыя грошы ўкладаюцца ў выгадную прапанову — будынкі будуць не спажываць электрычнасьць, а генэраваць яе самі. Лішкі электраэнэргіі можна будзе прадаваць дзяржаве па коштах з надбаўкамі. Дагэтуль іх можна было прадаваць толькі па рыначных коштах.

У сельскай мясцовасьці вялікая плошча зямлі будзе засаджаная лясамі, драўніна якіх будзе спальвацца ў сетцы малых электрастанцыяў.

Згодна з дакумэнтам, на 90% будзе павышанае карыстаньне геатэрмальнымі станцыямі, якія выпрацоўваюць і электрычнасьць, і ацяпленьне, не даючы шкодных выкідаў.

Міністры бачаць рост колькасьці сонечных батарэяў з 90 тысячаў сёньняшніх да 7 мільёнаў у 2020 г. Чакаецца, што новая паліўная стратэгія створыць каля 160 тысяч працоўных месцаў.

Калі домаўладальнікі не ўсталююць альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі і не падымуць цеплаізаляцыю будынкаў на патрэбны ўзровень, стратэгія можа пацярпець паразу. Каб пазьбегнуць гэтага, дзяржава будзе выдаваць гранты на усталяваньне сонечных панэляў, а таксама заахвочваць ва ўстаноўцы ветракоў.

Джон Соўэн, выканаўчы дырэктар «Грынпісу», кажа:

«Калі гэты плян стане рэальнасьцю, Брытанія будзе лепшай краінай, квітнеючай і бясьпечнай. Мы створым працоўныя месцы, зьменьшым залежнасьць ад замежнай нафты і газ, а далейшай перспектыве рахункі за энэргію проста зьнікнуць».

Яраслаў Сьцешык, паводле TIMES

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0