Працэс па справе Уладзіміра Кондруся аднавіўся 26 снежня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска. Кондрусь — удзельнік Плошчы-2010, якога затрымалі праз пяць з паловай гадоў і судзяць за ўдзел у масавых беспарадках. Яму пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Так выглядаў Кондрусь пасля некалькіх месяцаў зняволення

Так выглядаў Кондрусь пасля некалькіх месяцаў зняволення

10:35

Самога абвінавачанага на працэсе не было — ён быў выдалены з залы суда. На мінулым пасяджэнні Кондрусь дэманстратыўна паспрабаваў ускрыць вены. Яго выратавалі, але суддзя Святлана Бандарэнка вырашыла, што абвінавачаны будзе выдалены за парушэнне парадку.

Выдалілі Кондруся і сёння. Клетка была пустая адразу — канваір пасля паведаміў суддзі, што «Кондрусь катэгарычна адмаўляецца накіроўвацца ў залу суда». Пасля гэтага Святлана Бандарэнка завочна выдаліла Кондруся з працэсу.

Цяпер у залі толькі Вадзім Мушынскі — адвакат Кондруся.

Дарэчы, памочнікі прынеслі на суд і доказы — сярод іх і нібыта той кавалак трубы, якім Кондрусь біў вокны Дома ўрада.

11:05

Пракурор Вольга Герасімовіч зачытала абвінавачванне: «Кондрусь ажыццявіў сілавыя дзеянні, накіраваныя на пранікнавенне ў Дом урада». Ён «нанёс не менш за 6 удараў па шыбах», расчышчаў аскепкі і ламіўся ў будынак.

Дарэчы, суддзя Бандарэнка хацела зачытаць паказанні Кондруся, але не змагла. Іх проста няма — кожны раз той адмаўляўся ад дачы паказанняў і маўчаў.

Затым выслухалі сведкаў. Першым з іх быў бацька абвінавачанага — Уладзімір Расціслававіч. Ён даваць паказанні ў дачыненні да сына адмовіўся. Галіна Васільеўна, маці, зрабіла тое ж самае.

Больш сведкаў па справе не знайшлося. Пракурор Герасімовіч перайшла да чытання пісьмовых матэрыялаў па справе.

11:45

Усяго ў справе 10 тамоў. Пракурор Герасімовіч хуценька «прабеглася» па іх, перыядычна зачытваючы кавалкі.

Дарэчы, адбіткі рук на тым кавалку трубы ідэнтыфікаваць немагчыма, агучыла вынікі экспертызы пракурор.

Акрамя таго стала вядома, што Кондрусь адмыслова прыехаў на Плошчу-2010. На той момант ён жыў у Маскве, але ў перапісцы паведамляў, што паедзе ў Мінск на «выбары-дурыбары».

Таксама высветлілася, што ў Кондруся шызоідна-параноідны разлад асобы.

Яно характарызуецца «абвостраным усведамленнем асабістых правоў, празмернай патрэбай вытлумачыць падзеі, падазронасцю, праблемамі ў адносінах з людзьмі».

Але ж значэнне сваіх дзеянняў Кондрусь ацэньваў адэкватна.

Напрыклад, галадаў ён абсалютна свядома, паведаміла пракурор.

12:35

Увогуле, ішло пасяджэнне з незвычайнай хуткасцю. Пракурор прадэманстравала суду рэчывыя доказы (ноўтбук Кондруся, тэлефон, тую самую куртку і пяць чорных шапак, якія забралі пры вобшуку). Затым перайшлі да судовых спрэчак.

Пракурор Герасімовіч паведаміла, што віна Кондруся даказаная цалкам.

Яна ўзгадала справы іншых фігурантаў Плошчы, у тым ліку і Саннікава, Някляева… Маўляў, калі судзілі тых, факт масавых беспарадкаў быў даказаны. А Кондрусь, як сведчаць доказы, браў у гэтых беспарадках удзел.

Пракурор Вольга Герасімовіч папрасіла прызнаць абвінавачаннага «асобай з паменшанай наяўнасцю свядомасці» і даць Кондрусю 3 гады абмежавання волі з прымусовым наглядам і лячэннем. Змякчальнымі абставінамі Герасіменка адзначыла псіхічны разлад.

Адвакат Мушынскі ў сваю чаргу адзначыў, што масавымі беспарадкамі падзеі на Плошчы назваць нельга. Ён папрасіў апраўдаць Кондруся.

Прысуд будзе абвешчаны а 16:00.

* * *

Нагадаем, што жыхар пасёлка Рудзенск Уладзімір Кондрусь 1977 года нараджэння быў узяты пад варту 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расследавання за яго меркаваны ўдзел у падзеях каля Дома ўрада падчас выбараў прэзідэнта 19 снежня 2010 года. Ён абвінавачваецца па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса «Масавыя беспарадкі», па якім у 2011 годзе было асуджана 49 чалавек, многія з пазбаўленнем волі на розныя тэрміны. На час следства ён утрымліваецца ў СІЗА №1 Мінска.

Бацькі, сястра і адвакат Уладзіміра не могуць распавесці СМІ падрабязнасці справы — яны далі падпіску аб неразгалошванні.

Сам Уладзімір амаль два месяцы адмаўляўся ад ежы, пасля чаго стан яго здароўя моцна пагоршаў: ён не мог нават самастойна хадзіць.

Праваабаронцы прызналі Уладзіміра Кондруся палітвязнем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?